Кіеў ушаноўвае памяць ахвяраў Галадамору


Украіна адзначае 85 гадавіну Галадамору. На тэрыторыі дзяржавы 24 лістапада прыспушчаны Дзяржаўны сцяг і абмежавана правядзенне мерапрыемстваў забаўляльнага характару.

Штогод у чацвёртую субота лістапада праводзіцца памятная хвіліна маўчання ў гонар загінулых падчас Галадамору ў 1932-1933 гадах. У храмах праводзяцца памінальныя паніхіды. Адбываюцца жалобныя мерапрыемствы ў якіх возьмуць удзел прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады, мясцовага самакіравання, грамадскасці, духавенства і замежныя госці. Так, у Кіеў з візітамі прыбылі прэзідэнт Латвіі, Славакіі, прэм’ер Малдавіі. Жалобныя мерапрыемствы ў Кіеве наведалі спікер Славеніі, кіраўніцтва парламенту Польшчы, Літвы, Чэхіі, міністр замежных справаў Эстоніі, чыноўнікі і парламентарыі з ЗША, Еўразвязу.

«Сёння з намі прадстаўнікі больш як 50 краінаў, я вельмі рады такой салідарнасці», – заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка.

Ён дадаў, што з нагоды гэтай даты праведзена больш за 100 памятных мерапрыемстваў на пяці кантынентах.

Паводле Інстытуту дэмаграфіі і сацыяльных даследаванняў імя Птухі, страты насельніцтва ва Украіне з-за звышсмяротнасці падчас Галадамору ў 1930-х гадах складалі амаль 4 мільёны чалавек. Таму ў лістападзе 2006 Вярхоўная Рада прыняла закон аб Галадаморы 1932-1933 гадоў ва Украіне, згодна з якім Галадамор быў прызнаны генацыдам украінскага народа.

Са 195 краін свету актам генацыду Галадамор 1932-1933 гадоў ва Украіне на міждзяржаўным узроўні, акрамя Украіны, прызнаюць 15 дзяржаваў-сябраў ААН і Ватыкан.

На гэтым тыдні два амерыканскія штаты прызналі Галадамор генацыдам украінскага народу – Паўночная Караліна і Канэктыкут. Усяго ў ЗША 21 штат прыняў такое рашэнне.

СК, belsat.eu, паводле tass і korrespondent.net

Стужка навінаў