Каза, мядзведзь і міліцыянтка калядавалі ў Горадні


Група аматараў аднаўляе беларускую традыцыю калядавання ў Горадні. Але сёлета да звыклых персанажаў далучылася «супрацоўніца міліцыі» ў форме.

«Штогод мы спрабуем нешта змяняць у сцэнары, бо нас запрашаюць прыкладна адныя і тыя ж людзі. Нашыя знаёмыя, якія ўжо ведаюць Каляды, ім ужо, можа, не так цікава. Таму трэба нешта змяняць, нейкія новыя загадкі прыдумваць, штосьці новае паказваць. Сёлета ў нас атрымалася новаўвядзенне – міліцыянтка. На апошняй рэпетыцыі нехта скінуў ролік, як робяцца сучасныя сацыяльна-побытавыя каляды. І там адзін з герояў быў гэты міліцыянт», – распавядае ўдзельніца калядавання Марына Харэвіч, якая цягам шасці гадоў займаецца аднаўленнем традыцыі ў горадзе.

Калядоўшчыкі ў Горадні

Як распавядае дзяўчына, якой сёлета давялося іграць ролю следчага і браць адбіткі пальцаў, рэакцыя на новаўвядзенне была рознай. У першай хаце, людзі па-сапраўднаму напалохаліся, прыняўшы супрацоўніка ў форме за сапраўднага.

Дзеткі сустракаюць калядоўшчыкаў

 

«У мяне такое адчуванне было, што ў першай хаце мы крыху шакавалі людзей. Ну, канешне: «Добры вечар, гражданін. Хто хазяін кварціры?» І гэтая фуражка робіць уражанне. Але пры гэтым з’явілася думка, што ў беларусаў недзе на падсвядомым узроўні хаваецца, што мы ўвесь час можам быць пакараныя за тое, што робім штосьці не тое. Гэта былі такія Каляды з беларускім прысмакам, але не вядома, ці гэта добра было, таму што гэта нагадвае пра такую сумную рэчаіснасць беларусаў», – лічыць калядная міліцыянтка Марына Харэвіч.

У Горадні калядуюць ужо 30 гадоў

Традыцыя калядавання ў горадзе без перапынку працягваецца ўжо трыццаць гадоў. Тыя, хто яе распачынаў, не могуць узгадаць дакладна: або ў 1986-м, або ў 1987-м клуб «Паходня» на чале з Міколам Тарандой першы раз ладзілі Каляды. Не было тады яшчэ мядзведзя і казы. Усё выглядала досыць сціпла. Моладзь недзе знайшла калядныя песні і проста спявала. Потым нехта знайшоў сцэнар і з гэтага ўсё пачалося. Цягам 30 гадоў удзельнікі і арганізатары змяняліся. Некаторы час хадзіў хор «Бацькаўшчына». Некалькі гадоў Калядамі займаўся Ігар Кузьмініч, але традыцыя не спынялася.

«Мы канечне добра захаваліся. Штогод прыходзілі новыя людзі, а старыя сыходзілі. І так паціху склад аднаўляўся і так ішло ўсе 30 гадоў. У нас сёння пыталіся, як мы называемся, а мы ніяк не называемся. Пакуль што гэта такая малая групка людзей, якая ўвесь час гэта падтрымлівае і штогод нейкім цудам людзі далучаюцца і збіраюцца. Людзі самых розных прафесіяў. З намі да прыкладу супрацоўнік Velcom-у, школы, прадавец з сувенірнай крамы, журналісты ёсць, бухгалтарка і т.д», – распавядае калядоўшчыца.

Замест кітайскіх традыцый – свае

Калядаванне – адзін з самых самабытных святочных звычаяў беларусаў, які паціху адыходзіць у нябыт, страціўшы свой першапачатковы сэнс. У дахрысціянскія часы, калядоўшчыкі былі ўвасабленнем істот двух сусветаў, або, як лічаць некаторыя навукоўцы, татэмных жывёлінаў. Калядоўшчыкаў нельга было пакрыўдзіць ці не пусціць у хату – гэта сурочыла дрэнны год і слабы ўраджай. Удзячнасць і пачастункі калядоўшчыкам былі абавязковымі.

«Нашыя традыцыі губляюцца і гэта такі незвычайны сінтэз, таму што раней калядавалі толькі на вёсках, а тут мы прыносім Каляды ў горад. І бачна, што людзі не ўмеюць рэагаваць. Калі мы заходзілі ў кавярні, у адной нам адмовілі, у другой не надта ахвотна штосьці давалі. І некаторыя нават пыталіся: а што, трэба штосьці даваць? Шмат хто сядзеў у тэлефонах», – дзеліцца ўражаннямі адна з удзельніц калядавання.

У любым выпадку, мех калядоўшчыкаў не застаўся пустым, што варожыць багаты і ўдалы год.

«Усе мы, на жаль, ведаем, што наступны год – гэта год сабакі. Мы пераймаем нейкую кітайскую культуру, далёкую ад нас, дорым адзін аднаму сабачак ці там каляндарыкі з сабачкамі. А вось, каб хтосьці сказаў пра тое, што ў нас існавалі каза і мядзведзь, што менавіта каза – галоўны персанаж любога калядавання, сімвал дабрабыту, ураджайнасці, багацця на новы год – пра гэта ніхто цяпер не ўзгадае. І таму шкада, што мы сваё не шануем», – кажа Марына Харэвіч.

Наступнае калядаванне ў Горадні адбудзецца на праваслаўнае Раство 7 студзеня.

Паўліна Валіш, фота – Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў