Іх знішчалі за псаванне народу «рускага»


Піяры святкуюць 300-гадовую гадавіну дзейнасці на беларускіх землях

Што варта ведаць пра апошні каталіцкі манаскі ордэн, які ў свой час узбагачаў школьніцтва наватарскімі ідэямі Асветніцтва? Тлумачым, што звязвае Шчучын, Ліду і Чавусы.

Святкаванне 300-годдзя прысутнасці айцоў-піяраў у Шчучыне

Ordo Scholarum Piarum

Ордэн піяраў (на латыні – Ordo Scholarum Piarum) – апошні манаскі ордэн, зацверджаны Каталіцкаю Царквой, а заснаваў яго іспанскі святар Юзаф Каласанс. У якасці перадгісторыі гэтай падзеі ўзгадваюць, што ў часе свайго побыту ў Рыме святар блукаў па бедных раёнах Вечнага гораду. Юзафа Каласанса ўразіў трагічны лёс дзяцей, якія раслі ў галечы ды не мелі магчымасці здабыць адукацыю.

Непісьменныя ў дарослым жыцці, яны не маглі знайсці добрай працы, займаліся крадзяжом ды іншымі злачынствамі, лічыліся адкідамі грамадства. Святар пастанавіў, што не вернецца ў Іспанію, а застанецца з гэтымі дзецьмі. У 1597 г. Юзаф Каласанс, магчыма, не ўсведамляючы таго, здзейсніў сапраўдную рэвалюцыю. Святар зарганізаваў бясплатную школу для ўсіх дзяцей, нават самых бедных. Гэта была першая грамадская школа ў Еўропе, даступная ўсім дзецям розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў. Да святара далучаліся аднадумцы, якія з часам утварылі манаскую супольнасць – Ордэн пабожных школаў.

Да забароны Мураўёвым

У Шчучыне піяры з’явіліся ў 1718 г., калі Юзаф Глябіцкі зафундаваў у мястэчку калегіум піяраў. У свой час пры калегіуме працаваў Станіслаў Баніфацы Юндзіл, які заснаваў раскошны батанічны сад. Пры калегіуме была таксама кляштарная бібліятэка і мінералагічны музей. Заняткі вучылі моладзь крытычна ставіцца да навакольнага свету, грамадства і дзеянняў улады. З муроў Шчучынскай школы піяраў выйшаў, напрыклад, славуты Ігнат Дамейка, якога сюды да Станіслава Юндзіла прыслаў вучыцца дзядзька Юзаф, вялікі аматар мінералогіі.

Святкаванне 300-годдзя прысутнасці айцоў-піяраў у Шчучыне. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Настаўнікі школы вялікі акцэнт у навучанні рабілі на прыродазнаўчыя навукі, любоў да якіх і хацеў прывіць дзядзька Дамейкі. Як паказала гісторыя, яму гэта ўдалося. Акрамя Ігната Дамейкі, школу піяраў у Шчучыне скончылі гісторык-архівіст Мацей Догель, асветнік і філосаф Казімір Нарбут, паэты Ануфрый Петрашкевіч і Юліян Косак. Стасунак царскай улады да піяраў змяніўся пасля лістападаўскага паўстання 1830-31 гг. Мураўёў абвінаваціў піяраў у каталіцкім фанатызме, псаванні народу «рускага» і антыцарскіх настроях, якія прывіваліся вучням. Пасля паўстання школу піяраў у Шчучыне ды іншых беларускіх гарадах зачынілі, а кляштар зліквідавалі.

Адраджэнне за польскім часам

Пасля ўсталявання польскай улады ў Шчучыне ў 1919 г. кляштар і касцёл манахам-піярам вярнулі, аднак школу адрадзіць тут не ўдалося. Затое піяры адкрылі школу ў Лідзе, якая зрабілася адною з самых папулярных сярод мясцовага насельніцтва. Яе наведвалі дзеці розных веравызнанняў, прыблізна 30 % вучняў складалі габрэі. Дзяцей-некаталікоў не прымушалі выконваць каталіцкія традыцыі. З цягам часу звычайная школа пераўтварылася ў гандлёвую, каб пасля яе сканчэння вучні лягчэй маглі знайсці сабе занятак і працу. Сапраўднаю рэвалюцыяй было ўвядзенне ў 30-ыя гг., калі піяры пачалі прымаць у школу дзяўчат.

Адукацыйную дзейнасць айцоў-піяраў спыніла Другая сусветная вайна. Вярнуцца манахі здолелі толькі ў 1990-ыя гг. пасля распаду Савецкага Саюзу. Сёння ў Беларусі працуюць сямёра айцоў-піяраў – у Шчучыне, Лідзе і Чавусах. Аднак у адпаведнасці з беларускім заканадаўствам манахі не маюць права адкрываць ізноў сваіх школаў. Таму айцы-піяры ў Беларусі займаюцца душпастырствам, як і іншыя каталіцкія ксяндзы.

ПВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары