Каранцін ва Украіне падоўжаць, але змякчаць умовы


Кабінет міністраў Украіны ўхваліў рашэнне аб прадаўжэнні дзеяння каранціну да 22 траўня ўключна. Пра гэта паведамляе «Укрінфарм».

Кабінет міністраў падоўжыў ва Украіне каранцін да 22 траўня, але з 11 траўня ягоныя ўмовы мусяць змякчыцца. У прыватнасці, пасля 11 траўня ўрад дазволіў адкрыць для наведвання паркі, скверы і зоны адпачынку, аб’екты індустрыі прыгажосці, аптовага і рознічнага гандлю ў асобна размешчаных памяшканнях, акрамя гандлёва-забаўляльных цэнтраў.

Паводле прэм’ер-міністра Дзяніса Шмыгаля, урад распрацоўвае алгарытмы бяспечнага адкрыцця абʼектаў аптова-рознічнага гандлю нехарчовымі таварамі, салонаў прыгажосці, аўтасалонаў, музеяў, бібліятэк і іншых устаноў грамадскага наведвання, якія будуць мець дакладныя правілы выканання санітарных нормаў.

Міністры разглядаюць магчымасць адкрыцця летніх пляцовак устаноў грамадскага харчавання, аднак мясцовая ўлада можа абмяжоўваць іх працу або зачыняць улічваючы сітуацыю, якая склалася ў горадзе і рэгіёне.

Нагадаем, каранцін ва Украіне пачаў дзейнічаць з 12 сакавіка 2020 года. З 25 сакавіка ўрад увёў рэжым надзвычайнай сітуацыі па ўсёй тэрыторыі краіны і падоўжыў каранцін да 24 красавіка, а потым да 11 траўня.

Па стане на 4 траўня ва Украіне заразіліся каронавірусам 12 331 чалавек, 303 з іх памерлі.

Hавiны
Германія змякчае ўмовы каранціну
2020.04.15 20:38

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў