Кандыдатам у прэзідэнты ад кампаніі «Народны рэферэндум» можа стаць жанчына


Кандыдат у прэзідэнты ад кампаніі «Народны рэферэндум» можа быць названы ў найбліжэйшы час. Магчыма, што ім стане жанчына.

Пра гэта паведаміў агенцтву БелаПАН намеснік кіраўніка кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, інфармуе сайт naviny.by.

«Так, ужо ёсць адчуванне, што часу да выбараў застаецца няшмат, таму, думаю, кандыдат у прэзідэнты ад «Народнага рэферэндуму» будзе названы ў найбліжэйшы час», – сказаў прадстаўнік апазіцыі.

У кампанію «Народны рэферэндум» акрамя «Гавары праўду» уваходзяць Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і рух «За Свабоду».

Па словах Дзмітрыева, для «Гавары праўду» прынцыпова, каб ад «Народнага рэферэндуму» быў вылучана агульны кандыдат. На ягонае меркаванне, менавіта гэтая кампанія сёння з’яўляецца «самай перспектыўнай групай» у дэмакратычных сілах.

Дзмітрыеў адзначыў, што ў кожнай структуры, якая ўваходзіць у кампанію «Народны рэферэндум», ёсць свае прапановы асобы кандыдата ў прэзідэнты. Паводле ягоных слоў, гэта досыць вялікі спіс, у які ўваходзяць у тым ліку і жанчыны, напрыклад прадстаўніца кампаніі «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч і старшыня БСДП (Грамада) Ірына Вештард.

«Пакуль ніхто публічна не заяўляў, што не ідзе на выбары, у тым ліку і Уладзімір Някляеў (кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года, лідар «Гавары праўду» – БелаПАН)», – дадаў Дзмітрыеў.

Як паведамлялася раней, Партыя БНФ на пасяджэнні сойму 7 сакавіка прыняла рашэнне прапанаваць вылучыць кандыдатам у прэзідэнты ад кампаніі «Народны рэферэндум» намесніка старшыні партыі Рыгора Кастусёва.

Пра сваё жаданне стаць кандыдатамі ў прэзідэнты ўжо заяўлялі лідары Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч.

Сярод магчымых прэтэндэнтак на пасаду кандыдата ў прэзідэнты называліся першая намесніца галавы грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алена Анісім і лідар грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Вольга Карач.

МЯ, belsat.eu, паводле naviny.by

Стужка навінаў