Кандыдат ад камуністаў на выбарах губернатара Прымор’я абвесціў галадаванне


Андрэй Ішчанка. Фота з «уКантакце»

Андрэй Ішчанка з Камуністычнай партыі з вялікім адрывам выйграваў у другім туры ў прадстаўніка «Адзінай Расеі» Андрэя Тарасенкі, які цяпер часова выконвае абавязкі губернатара Прымор’я. На апошніх пратаколах сітуацыя дзіўным чынам змянілася – Ішчанка ўжо прайграваў Тарасенку паўтара адсоткі. Цяпер кандыдат ад «чырвоных» спадзяецца на дапамогу Уладзіміра Пуціна.

У размове з «Медузай» Андрэй Ішчанка заявіў, што пратаколы былі проста перапісаныя.

«Нахабным чынам пратаколы былі перапісаныя, проста перапісаныя, – заявіў палітык.

Кандыдат распавёў, што ягоных назіральнікаў паліцыянты выдалялі з некаторых участкаў сілай – «волакам проста».

«Можа быць, гэта няправільна, але я абвясціў галадаванне на цэнтральнай плошчы Уладзівастока, і цяпер падцягваюцца прыхільнікі сюды, чалавек 15–20 ужо ёсць. Людзі падышлі адтуль і сталі на адзіночныя пікеты ўжо», – заявіў Ішчанка.

Адзіночны пікет ува Уладзівастоку. Фота – Максім Петухоў

Кандыдат мяркуе, што сітуацыю дапаможа выправіць Уладзімір Пуцін.

«Калі федэральныя каналы паказваюць, што перамагае Ішчанка пры 95 % падліку галасоў, і потым гэта рэзка мяняецца, дадаецца аднекуль 40 тысяч у Тарасенкі, – ну я спадзяюся, што Уладзімір Уладзіміравіч прыме правільнае рашэнне, папярэднія вынікі галасавання будуць скарэктаваныя, і ў дзяржаўную аўтаматызаваную сістэму пачнуць уносіць сапраўдныя пратаколы», – дадаў Ішчанка.

У цэнтры Уладзівастоку прыхільнікі Ішчанкі падтрымліваюць «чырвонага губернатара». Фота – Максім Петухоў

«Трэба – значыць трэба»

16 верасня ў расейскім Прымор’і адбыўся другі тур губернатарскіх выбараў. На іх упэўнена перамагаў кандыдат ад КПРФ Андрэй Ішчанка – пасля падліку 95 % пратаколаў з выбарчых участкаў ён набіраў 51,6 %, а яго супернік ад «Адзінай Расеі» Андрэй Тарасенка – 45,8 %.

Пасля гэтага разрыў стаў рэзка скарачацца.

Пасля апрацавання 98,77 % пратаколаў онлайн-звесткі Цэнтральнай выбарчай камісіі не абнаўляліся каля гадзіны. За гэты прамежак – з 98,77 % да 99,03 % апрацаваных пратаколаў – знікла 5 галасоў за Ішчанку, а за Тарасенку – павялічылася на 13,5 тысяч, і кандыдат ад праўладнай вырваўся наперад.

Заснавальнік старонкі «Электаральная геаграфія», сацыяльны географ Аляксандр Кірэеў, звяртае ўвагу, што калі на выбарах прагаласавала менш за 500 тысячаў чалавек, 0,26 % пратаколаў – гэта толькі каля тысячы галасоў.

«Перамога Тарасенкі ўжо даўно была матэматычна немагчымай, але Пуцін сказаў: калі трэба – значыць трэба, – піша Кірэеў. – Ці ўпершыню расейскія ўлады на выбарах перамагаюць матэматыку?».

Фенамельны графік падліку галасоў на выбарах губернатара Прымор’я

Пасля падліку 99,10 % «адзінаросавец» абыходзіў камуніста на паўтары адсотка.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары