«Каму яны трэба, гэтыя выбары?» Што кажуць пра прэзідэнцкую кампанію ў самым малым горадзе Беларусі


У сталіцы і ў іншых буйных гарадах назіраецца вялікая палітычныя актыўнасць – да 9 жніўня рыхтуецца і ўлада, і грамадства. А што адбываецца ў Дзісне, самым маленькім горадзе нашай краіны? Чытайце ў рэпартажы Belsat.eu.

Знак «Дзісна». Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Мы зварочваем з шашы Полацк – Браслаў, якая праходзіць побач з Дзісной, і едзем у бок цэнтру гораду. Адразу нас сустракаюць двухпавярховікі з забітымі вокнамі і маладымі бярозкамі на даху. Гэта ўжо як візітная картка шмат якіх нашых паселішчаў. Праўда, гэта яшчэ Восцевічы, так бы мовіць, прыгарад Дзісны.

Восцевічы. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Восцевічы адразу пераходзяць ў Дзісну. Адразу за знакам стаіць «Табакерка», як сімвал сучаснай Беларусі. Мы пераязджаем мост праз раку Дзісну, якую мясцовыя называюць Дзісёнкай, любуемся краявідам.

Мост праз Дзісёнку. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Дзісна знаходзіцца ў вельмі маляўнічым месцы, на месцы злучэння рэк Дзісёнкі і Дзвіны. Горад знаходзіцца нібы на паўвыспе, з трох бакоў акружаны рачной вадой.

Дзісёнка. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»
Паром. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Капец-гарадок

Нягледзячы на гэтую прыгажосць, гістарычны лёс не пашкадаваў горад: калі на пачатку ХХ стагоддзя тут жыло больш за 9 тысяч асобаў, то зараз няма і паўтары тысячы. Вікіпедыя падае, што калісьці Дзісна называлася Капец-гарадок. Вядома, што капцамі называліся тады памежныя знакі. Але, гледзячы на сучасны стан гэтага гарадка, думаеш: вось жа сапраўды Капец-гарадок.

Старыя дамы ў Дзісне. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

ХХ стагоддзе не пашкадавала Дзісны: спачатку яна страціла статус павятовага гораду, а ў 1959 годзе і райцэнтра. Зараз яна ўваходзіць у Мёрскі раён. Дзісну можна назваць горадам кантрастаў, калі прыродная прыгажосць, багатая гістарычная спадчына спалучаюцца з запусценнем і нейкай агульнай апатыяй. Тут шмат старых габрэйскіх дамоў, якія захаваліся, але зараз стаяць занядбаныя. Некаторыя прадпрыемствы закрыліся, ад некаторых не засталося і сценаў. Дзяржаўныя крамы стаяць закрытыя, чакаюць пакупнікоў – у сэнсе, каб хто купіў гэтыя будынкі.

Зачыненая дзяржаўная крама. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

З дзеючых прадпрыемстваў найбуйнейшыя тры – гэта лінейна-вытворчая дыспетчарская станцыя «Дзісна», якая перапампоўвае нафту, Дзісенскі лясгас і швейны цэх. Тых, хто працуе на ЛВДС, дзісенцы лічаць шчасліўчыкамі і людзьмі багатымі. Шмат хто ездзіць працаваць у суседні Наваполацк або шукае працу ў прыватнікаў.

Зачыненая дзяржаўная крама. Фота – Зміцер Лупач / «Белсат»

У тым, што Дзісна не захавала статус райцэнтра, ёсць і свае плюсы: тут не было масавай выразкі дрэваў. Таму, ідучы ў спёку па дзісенскіх вулічках, адчуваеш сябе вельмі ўтульна. Захавалася тут і шмат брукаваных вуліц, на якіх стаяць старыя дамкі. Глядзіш на іх і адчуваеш сябе нібы перанесеным машынай часу ў іншую гістарычную эпоху.

Брукаванка. Фота – Леанід Юрык/«Белсат»

«Як тут людзі жывуць?»

Мы ідзем старой брукаванай вуліцай уздоўж Дзвіны, на яе высокім беразе на лаўцы сядзіць пажылы мужчына. Пытаюся пра жыццё:

– Жывецца ў Дзісне нялёгка, працы няма. Сядзім без работы. Адзін паратунак – рыбіну во зловіш, прадасі, – адказвае мужчына, які прадстаўляецца Мікалаем Фурсам.

Мікалай Фурс. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Ён распавядае, што раней з лоўляй рыбы было значна лепш, яе лавілі нават сеткамі, нікога не баяліся, а зараз паводле Фурса «інспекцый чорт ведае колькі»: і з Браслава, і з Полацку, і з Менску прыязджаюць. Інспектараў стала шмат, а рыбы не паболела. Але на вудачку лавіць яшчэ можна.

Пытаемся пра выбары, ці чуваць што пра іх у Дзісне. Спадар Мікалай кажа, што пра выбары чуў шмат, ведае і пра апошнія падзеі ў Менску, але ў лепшае для сябе ўжо не верыць:

– Я ўжо, слава Богу, шэсцьдзесят гадоў пражыў: і колькі прэзідэнтаў не выбіралі, ніколі нічога добрага не было. Адно толькі дрэннае.

Мікалай Фурс. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Размова зноў пераходзіць на працу, мужчына кажа, што ў яго ўзросце знайсці яе тут вельмі цяжка:

– Сяджу вось апошнюю цыгарэту дакурваю, дзве капейкі толькі ў кішэні. А яшчэ да пенсіі тры гады.

Мы развітваемся, і Мікалай Фурс запрашвае нас часцей прыязджаць у Дзісну, бо тут месцы проста чароўныя.

Неўзабаве сустракаем сямейную пару, якая ставіць плот. Валянціна і Уладзімір Абражэвічы прыехалі сюды з Менску. Спадарыня Валянціна нарадзілася ў Дзісне, але больш за сорак гадоў пражыла ў сталіцы. Зараз ад маці ў спадчыну ёй застаўся дом, і яны прыехалі сюды на цэлае лета.

Сям’я Абражэвічаў. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

– Самі здзіўляемся, як тут людзі жывуць. Зусім ад свету адарваныя, – кажа Валянціна.

– Хацеў купіць «Народную Волю», дык няма! Кажуць, нават не прывозяць, – дадае Уладзімір.

Сужэнцы прыехалі ў Дзісну яшчэ і праз пандэмію, нават рэгістрацыю аформілі. Паводле іх, тут толькі яны ходзяць у грамадскіх месцах у масках, мясцовыя з іх смяюцца.

– Мы можам тут і прагаласаваць. У нас ёсць свая пазіцыя, мы ведаем, за каго хочам аддаць свой голас. Раней на выбары мы не хадзілі, байкатавалі іх, – распавядае Валянціна. – І я прачытала, хто ў камісіі: дэпутат, дырэктар… Мы ўжо разумеем, што ў выніку будзе. І вось думаеш, што рабіць?!

На развітанне жанчына кажа:

«Мы вельмі хочам пераменаў!»

Старыя дамы ў Дзісне. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Зменаў хоча і малады хлопец, якога мы сустракаем на лаўцы ў парку. Ён прадстаўляецца Сашам, кажа, што прыехаў сюды з Менску, бачыў хапун на Нямізе:

– Дзісна – самы маленькі гарадок у Беларусі, і самы ціхі напэўна. Таму і схаваўся тут далей ад АМАПу. Мне яшчэ сямнаццаць, сам галасаваць не магу, але чакаю пераменаў.

Руіны больніцы. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Непадалёк, каля крамы, чуваць мужчынскія галасы. На лаўцы сядзяць чацвёра мужчын яшчэ не старога ўзросту, паміж імі стаіць толькі што адкаркаваная пляшка таннага віна. Пытаюся іх, што яны думаюць пра выбары:

– Каму яны трэба гэтыя выбары?

– Хадзі не хадзі, адзін хрэн гэты вусаты будзе.

– Каб яны праходзілі, як паложана, а так…. Няма сэнсу на іх хадзіць.

Руіны больніцы. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Большасць хоча пераменаў

Ісці па Дзісне – проста асалода: транспарт праязджае вельмі рэдка, таму можна спакойна, як у вёсцы, ісці пасярод дарогі. А некаторыя вуліцы наагул травой параслі. Вырашаем зайсці ў гарсавет. Што цікава, райцэнтры гарсаветаў не маюць, а вось Дзісна мае! Яна і магдэбургскае права некалі мела.

Вуліцы ў Дзісне пакрываюцца травой. Фота – Зміцер Лупач / «Белсат»

Каля гарсавету, вядома, ляжыць асфальт, непадалёк чуецца гул мотакосаў. Наводзяць парадак. Адна з наведвальніц, якая прадставілася Аксанай, кажа, што рабіць тут, асабліва моладзі, няма чаго. Няма куды

пайсці, усё зачыняецца.

– Якія тут настроі на выбары? – пытаюся.

– Мяне нідзе не пакажуць? – перапытвае Аксана і распавядае: – Большасць хоча пераменаў у лепшы бок. І Аляксандр Рыгоравіч нам у гэтым не дапамагае. Забыліся пра нас усе і пакінулі. Прыгожыя мясціны, шмат што можна зрабіць для адпачынку, людзі б прыязджалі, грошы б у бюджэт давалі, але чамусьці ў гэтым ніхто не зацікаўлены.

Пагаварыць больш з жанчынай не ўдаецца, па яе прыязджае машына з георгіеўскімі стужкамі на антэне і ўнутры салону.

Аўто з георгіеўскімі стужкамі. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

«Не спяшайцеся вы нас хаваць!»

Заходзім у гарсавет. Там вядома, ніхто размаўляць не хоча, ледзь не ў адзін голас кажуць: «Вам да старшыні патрэбна».

Гарсавет. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Старшыня Яўген Баран таксама не дужа гаваркі:

– Такія рэчы трэба папярэдне агаворваць. Я зараз з вамі гаварыць не магу і не буду.

Яўген Іванавіч цікавіцца, пра што з людзьмі размаўлялі, ці што дрэннае напішам пра горад.

– Горад цудоўны, мясціны цудоўныя, ды вымірае, – адказваю я шчыра.

– Не спяшайцеся вы нас хаваць! – адказвае старшыня. – Усё ў нас будзе добра.

Старыя дамы ў Дзісне. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»
Старыя дамы ў Дзісне. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»
Старыя дамы ў Дзісне. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

Заходзім у мясцовую краму. Тут дакладна мусяць абмяркоўваць выбары.

– Як будзеце галасаваць?

– Хто як! Хто хоча галасаваць за Лукашэнку, хто не хоча… Але большасць ужо яго не хоча. Кажуць, не важна за каго, але толькі супраць яго, – адказвае сярэдніх гадоў мужчына, што прадстаўляецца Віктарам.

– Вось толькі людзі лічаць, што ён своечасова пенсію плаціць і заробак, – заўважае іншая жанчына.

– А якую ён дае зарплату?

– Справа ў тым, калі мы памяняем Лукашэнку, каб горш не было. Людзі і пра гэта думаюць.

Ала Майсяёнак. Фота – Леанід Юрык / «Белсат»

– Я нікому не веру. Не давяраю любой уладзе. У нас любая ўлада аддзяляе сябе ад народа, – заўважае Ала Майсяёнак, якая працуе ў інтэрнаце, стварыла музей гораду Дзісны. – Некаторыя кажуць: любы, толькі не Лукашэнка. Ну, любы нам дакладна не трэба. Трэба такі, які б і пра народ крыху дбаў. Але я ім не давяраю. Можа, і зусім на выбары не пайду.

Зміцер Лупач Belsat.eu

Стужка навінаў