Каля 500 дзеячаў грамадства і культуры Беларусі звярнуліся да прэзідэнткі Літвы


Як паведамляе «Наша Ніва», зварот датычыць перапахавання парэшткаў паўстанцаў 1863–1864 гадоў, павешаных уладамі Расейскай імперыі. Парэшткі знайшлі на гары Гедыміна ў Вільні. Генетычная экспертыза выявіла: сярод пахаваных ёсць адзін з лідараў паўстання Кастусь Каліноўскі.

Беларуская грамадскасць звяртаецца да прэзідэнта Літвы Далі Грыбаўскайце, прэм’ер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса, іншых упаўнаважаных асобаў. На дадзены момант зварот падпісалі каля 500 чалавек.

У дакуменце адзначаецца, што паўстанцы 1863–1864 гадоў – нацыянальныя героі не толькі Літвы і Польшчы, але і Беларусі. У прыватнасці, Кастусь Каліноўскі зʼяўляецца сімвалам змагання Беларусі за сваю незалежнасць, яго прыклад «натхняе і цяперашняе пакаленне беларускай моладзі на барацьбу за свабоду і самавызначэнне».

Меркаванні
Ці вернецца Кастусь Каліноўскі ў Беларусь?
2019.02.04 19:00

«Паўстанцы – літоўцы, беларусы, палякі – разам змагаліся з царскімі акупантамі, разам аддавалі сваё жыццё, разам размаўлялі па-беларуску, літоўску, польску, каб Літва, Беларусь, Польшча сталі свабоднымі. Магілы паўстанцаў будуць месцам паломніцтва маладых беларусаў. Дзеля будучыні Беларусі важна, каб надпісы на іх магілах былі і на беларускай мове. Просім улічыць гэта пры вырашэнні пытанняў перапахавання. Гэта дапаможа збліжэнню беларускага і літоўскага народаў, якія маюць супольную тысячагадовую гісторыю», – адзначаецца ў звароце.

Сярод падпісантаў дакументу – Станіслаў Шушкевіч, Івонка Сурвіла, Радзім Гарэцкі, Алесь Бяляцкі, Аляксандр Мілінкевіч, Зміцер Дашкевіч, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Адам Глобус, Ігар Бабкоў, Уладзімір Арлоў і многія іншыя.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў