Каб запісаць дзяцей у беларускамоўную школу, бацькі стаяць у чарзе ўсю ноч


Чаргу з самае ночы, каб запісацца ў беларускамоўную школу, можна назіраць у самым цэнтры беларускае сталіцы, перад уваходам да будынку гімназіі № 23.

Фота – family.by

Сёння тысячы 9-цікласнікаў здавалі свае першыя іспыты. Сярод якіх матэматыка, расейская, а таксама беларуская мова. А што, калі дзеці ад першага класа хочуць вывучаць усе прадметы менавіта па-беларуску? Аказалася, часам гэта не так проста. Бо каб запісаць сваё дзіця ў добрую беларускамоўную ўстанову, давядзецца правесці літаральна бяссонную ноч.

«У гэтай чарзе я стаю з другой гадзіны ў начы. Калі я сюды прыехаў я быў восьмы. Першыя людзі прыйшлі сюды а дзявятай гадзіне ўчора», – кажа Максім Сямёнаў, бацька вучня.

А хто першы – той і мае найвялікшы шанец запісацца ў гімназію. Чым прываблівае вучняў ды іхных бацькоў менавіта гэтая навучальная ўстанова? На пытанне адказалі бацькі будучых вучняў гэтае школы.

«У гэтым раёне гэта адзіная такая беларускамоўная ўстанова. Па-другое, яна вядомая добрай пачатковай школаю ды сваймі добрымі настаўнікамі», – кажа бацька іншага вучня Аляксандр Бабіцкі.

«Калі мы хочам жыць у гэтай краіне, мы мусім вывучаць мову», – падкрэслівае Максім Сямёнаў.

З такою думкаю згодныя не толькі бацькі беларускамоўных вучняў. «Белсат» апытаў менчукоў на вуліцах: большасць ставяцца да дамінацыі расейскай мовы адмоўна.

«Я беларус, але мне сорамна, што я не размаўляю на сваёй мове», – кажа адзін з мінакоў.

Пакуль жа сітуацыя вакол беларускамоўнага навучання ў нашай краіне застаецца крытычнаю. Штогод змяншаецца колькасць вучняў і студэнтаў, якія атрымліваюць адукацыю на роднай мове. За апошнія пяць гадоў лічба беларускамоўных навучэнцаў сярэдніх школаў упала прыблізна да 15 % ад агульнае колькасці. У двухмільённым Менску беларускіх школаў усяго пяць. У Магілёве і Берасці да нядаўна працавала толькі па адным беларускамоўным класе. У Віцебску і Гомлі іх папросту няма. Адукацыя дзяцей на роднай мове шмат дзе для бацькоў у Беларусі робіцца не звычайнаю справаю, а грамадзянскім учынкам.

«Канчатковая рашэнне аб стварэнні беларускамоўнага класа прымае адміністрацыя – вертыкаль. Гэтым самым парушаецца канстытуцыйнае права бацькоў, грамадзянаў Беларусі на роўнасць у дасяжнасці беларускамоўнага навучання. Калі гэта зменіцца, беларускія школы пачнуць расці як грыбы», – кажа Тамара Маскевіч з Таварыства беларускай школы.

Улады Беларусі абяцаюць выправіць сітуацыю. У школах плануюць зраўняць колькасць гадзінаў на вывучэнне беларускай і расейскай моваў. Аднак эксперты лічаць такі крок не дастатковым.

«Гэты першы крок ён шмат разрэкламаваны. Ён не варты таго, бо гэта толькі ў другіх класах школаў зраўняюць гэтыя часы. Добра, але з гэтым мусяць пайсці іншыя крокі. Калі ў нас хаця б законы пачнуць выдаваць на беларускай мове. Што казаць пра іншае», – кажа Маскевіч.

Выцясненне беларускае мовы пачалося з прыходам да ўлады Лукашэнкі. З ягонай ініцыятывы родная мова беларусаў страціла статус адзінай дзяржаўнай у выніку рэферэндуму 1995-га года.

Ян Бабіцкі

Стужка навінаў