Ізраіль і Іран абмяняліся ракетнымі ўдарамі. Як гэта паўплывае на дабрабыт беларусаў?


Раннім ранкам у чацвер іранскія сілы ў Сірыі абстралялі ракетамі лакацыі ізраільскіх войск на Галанскіх вышынях, паведаміла Міністэрства абароны Ізраіля. Ізраіль ударыў у адказ. Чаму гэта можа быць цікава жыхарам Беларусі?

«Жалезны купал»

Ізраіль заявіў, што абстрэл ягонай тэрыторыі вёўся іранскімі ракетамі Fajr, пры гэтым 5 з 20 ракет былі перахопленыя, а астатнія не трапілі ў цэль і разарваліся на сірыйскай тэрыторыі. Сам абстрэл названы акцыяй Сілаў «Кудс» – спецыяльных фармаванняў іранскага Корпуса варты Ісламскай рэвалюцыі.

Фота іранскіх ракет, якія лятуць у бок Ізраіля. (Twitter)

У адказ, як паведамляецца, Ізраіль амаль адразу пачаў значна больш маштабныя ўрады ракетамі, авіяцыяй і артылерыяй па сірыйскай тэрыторыі. Абстраляныя былі дзясяткі аб’ектаў іранскай ваеннай інфраструктуры ў Сірыі – сховішчы зброі, транспарт і штабы. Таксама было заяўлена пра знішчэнне пяці сірыйскіх сістэм супрацьпаветранай абароны (СПА).

Ізраільскія ўдары па сірыйскай тэрыторыі 10 траўня 2018 года. Інфаграфіка Сіл абароны Ізраіля

Іран і Сірыя пакуль не пракаментавалі падзеі, аднак Расея, якая, як і Іран, з’яўляецца хаўруснікам Башара Асада, заявіла, што сірыйская СПА збіла больш за палову ізраільскіх ракет.

Праз галаву Башара Асада і Пуціна

Галанскія вышыні – спрэчная тэрыторыя, на якую заяўляюць прэтэнзіі і Ізраіль і Сірыя, аднак асноўная іх тэрыторыя кантралюецца Ізраілем пасля ягонай перамогі ў Шасцідзённай вайне ў чэрвені 1967 года. Рада Бяспекі ААН не прызнае Галанскія вышыні тэрыторыяй Ізраіля.

Іранскія рэгулярныя войскі, а таксама найміты і ліванская ісламісцкая групоўка «Хізбула», якую фінансуе Тэгеран, актыўна ўдзельнічаюць у грамадзянскай вайне ў Сірыі – дастаткова сказаць, што ў Сірыі ўжо загінула некалькі іранскіх генералаў. Па сутнасці, як лічаць шмат якія эксперты, рэжым Башара Асада ў Сірыі не можа ўжо ўтрымацца без іранскага падтрымання.

Скрыншот з праграмы сірыйскага тэлеканалу, які паказвае вынікі ізраільскіх удараў па іранскіх абʼектах. (Syria News)

Пры гэтым Ізраіль, які валодае самай магутнай баявой авіяцыяй сярод краін Бліжняга Усходу, непакоіць іранская прысутнасць і асабліва тэхнічнае ўзмацненне варожага супрацьпаветранага «парасону». Гэтак, нядаўна было адкрыта заяўлена, што ізраільская авіяцыя будзе знішчаць расейскія супрацьпаветраныя комплексы С-300, калі яны будуць пастаўляцца сірыйцам.

І з 2011 года, калі пачалася грамадзянская вайна ў суседняй дзяржаве, цэлямі для ізраільскіх бамбардаванняў і ракетных абстрэлаў шмат разоў былі сірыйскія абʼекты СПА, сілы Ірану і «Хізбулы» ў Сірыі.

Што гэта было?

Цікава, што сённяшняе абвастрэнне канфлікту адбылося ўсяго праз некалькі гадзін пасля таго, як прэмʼер-міністр Ізраіля Бэньямін Нэтаньягу вярнуўся з Масквы, дзе ён абмяркоўваў сітуацыю ў Сірыі з прэзідэнтам РФ Уладзімерам Пуціным.

Пуцін і Нэтаньягу 9 траўня 2018 года.

Падчас гэтых перамоваў 9 траўня Нэтаньягу заявіў Пуціну, што Іран хоча правесці новая знішчэнне жыдоў, як гэта рабілі нацысты. У той жа час намеснік міністра абароны РФ заявіў, што Масква яшчэ думае, пастаўляць ці не пастаўляць залежнаму ад Ірану сірыйскаму рэжыму Башара Асада сучасныя расейскія комплексы СПА.

Таксама ў аўторак на гэтым тыдні прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвесціў, што плануе адмяніць дамову з Іранам пра зняцце з буйнога пастаўніка нафты санкцый у абмен на спыненне ягонай атамнай праграмы – Ізраіль 30 красавіка абвесціў, што апублікуе здабытыя выведкай дакументы, якія сведчаць, што Іран працягвае ядравыя распрацоўкі.

Фота ізраільскага ракетнага ўдару і супрацьдзеяння сірыйскай СПА 10 траўня 2018 года. (Syrian Central Military Media)

Адначасова ў аўторак Ізраіль нанёс чарговы ўдар па іранскім абʼектам у Сірыі, што, паводле некаторых паведамленняў, прывяло да гібелі 15-ці іранцаў.

Такім чынам іранскі абстрэл ізраільскай тэрыторыі можа быць і акцыяй, разлічанай на ўнутранае прапагандысцкае ўздзеянне, і формай адказу на атаку ў аўторак. Таксама Тэгеран, ведаючы, што абвастрэнні ў рэгіёне Бліжняга Усходу прыводзяць да падвышэння коштаў на нафту, мог пайсці на свядомую правакацыю такога абвастрэння, разлічаную як раз на гэта.

Кароткатэрміновы плюс, доўгатэрміновы мінус

Беларуская эканоміка моцна залежыць у апошнія два дзесяцігоддзі ад коштаў на нафту, хоць і не мае вялікіх запасаў вуглевадародаў.

Па-першае, гэта звязана з даходамі, якія краіна атрымлівае ад перапрацоўкі нафты на нашых НПЗ. Па-другое, за гэтыя дзесяцігоддзі беларуская эканоміка аказалася моцна прывязанай да свайго экспарту ў Расею, якая атрымлівае ільвіную долю сваіх даходаў ад продажу сырой нафты. Адпаведна рост попыту на беларускія тавары ў гэтай краіне, а таксама рост курсу расейскага рублю ўслед за нафтай, прыводзіць да падвышэння даходаў беларускіх прадпрыемстваў.

Мазырскі НПЗ. Фота mnpz.by

Такім чынам, пры тым, што Беларусь амаль не гандлюе сыравінай, дабрабыт беларусаў аказаўся з-за нізкай дыверсіфікацыі беларускага экспарту, вельмі звязаным з коштам на нафту.

Аднак, калі кошты на нафту і падымуцца зараз, хутчэй за ўсё паляпшэння ў сваім становішчы беларусы амаль не адчуюць – грошы будуць неэфектыўна праедзеныя дзяржаўным апаратам, а самі кошты хутка апусцяцца на стары ўзровень, дзякуючы рэанімацыі сланцавых радовішчаў у ЗША.

Больш за тое, у доўгатэрміновай перспектыве новыя метады распрацоўкі нафты і новыя крыніцы энергіі прывядуць да радыкальнага падзення коштаў на нафту, што ставіць пытанне ўвогуле пра сэнс існавання сучаснай беларускай эканамічнай нафтазалежнай мадэлі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары