Ірына Касцевіч распавяла, як рост пенсійнага ўзросту паўплываў на памер пенсіяў


Міністарка працы і сацыяльнай абароны насельніцтва Ірына Касцевіч у інтэрвʼю «Беларусь-1» паведаміла, што павышэнне пенсійнага ўзросту дазваляе павышаць пенсіі. Паводле яе, за год пенсіі выраслі ў сярэднім больш чым на 50 рублёў.

Нагадаем, ў наступным годзе адбудзецца чарговае павышэнне пенсійнага ўзросту на 6 месяцаў. Цяпер жанчыны будуць сыходзіць на пенсію з 57 гадоў, а мужчыны з 62-х.

Ірына Касцевіч патлумачыла, што пенсійны ўзрост павышаецца праз неабходнасць захаваць патрэбную колькасць людзей працаздольнага ўзросту на фоне старэння насельніцтва і захаваць даходы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

«Гэта павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі ўсё ж такі дазваляе нам штогод павялічваць пенсіі. Калі казаць пра 2019 год, то сярэдняя пенсія па ўзросту за лістапад гэта 446 рублёў. Яна павялічылася ў параўнанні з лістападам мінулага года больш чым на 50 рублёў», – заявіла Ірына Касцевіч.

Міністарка дадала, што ў працэнтах рост пенсіяў склаў больш за 13 %.

Нагадаем, 11 красавіка 2016 года Лукашэнка падпісаў указ №137, які прадугледжвае паэтапнае штогадовае павышэнне пенсійнага ўзросту. У выніку з 2022 года жанчыны будуць выходзіць на пенсію з 58 гадоў, мужчыны – з 63-х.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў