Ідэальны тэрор

Сёння беларуская дзяржава ўяўляе з сябе персаналісцкую вайсковую дыктатуру, якая абапіраецца на ваенізаваныя (баявыя) фармаванні, што маюць на мэце запэўніць устойлівасць асабістай улады Лукашэнкі праз рэалізацыю адкрытай і схаванай тэрарыстычнай дзейнасці ў дачыненні да грамадзян.

Палітыка дзяржаўнага тэрору ў Беларусі практычна цалкам аформілася на заканадаўчым, ідэалагічным і псіхалагічным узроўнях. Засталося дадаць апошні штрых – стварыць лагеры для масавай ізаляцыі і перавыхавання палітычна нядобранадзейных жыхароў Беларусі.

Намеснік міністра ўнутраных спраў Карпянкоў у сваіх таемных інструкцыях асабоваму складу выразна сістэматызаваў тыя дзеянні (палітыку), якія дзяржава Лукашэнкі пачала і будзе праводзіць ва ўмовах існага палітычнага крызісу.

Гэтая палітыка адлюстравалася ў двух словах: лагеры і газ, у дачыненні да «лішніх людзей».

Hавiны
«Зрабіць лагер – і калючы дрот па перыметры». «ByPol» апублікаваў запіс голасу, падобнага да Карпянкова
2021.01.15 11:03

Маладыя людзі, пенсіянеры, дзяўчаты, цэлыя сем’і з маленькімі дзецьмі (мільёны беларусаў) – гэта лішнія людзі, бо адмаўляюцца жыць пры вар’яцтве Лукашэнкі. Адпаведна, іх трэба знішчыць.

Відавочна, што людзі, якія захапілі ў краіне ўладу, гатовыя да маштабнай фізічнай расправы над паўстаўшым народам. На жаль, варта прызнаць, што ў краіне ёсць і шырокая праслойка людзей, гатовая да таго, каб апраўдаць і рэалізаваць палітыку тэрору. Гэта не толькі члены баявых атрадаў, але і чыноўнікі ды дэпутаты, што працягваюць абслугоўваць сістэму і выконваць самыя бесчалавечныя ўказанні зверху. Гэта і ёсць псіхалагічная гатовасць да тэрору.

Як бачым, у тых, хто цяпер утрымлівае ўладу, даўно намалявалася карціна ідэальнага тэрору, характэрная для ўсіх антычалавечых, вайскова-аўтарытарных сістэмаў – ад фашызму да камунізму. Гэта комплекс захадаў, накіраваных не толькі на падаўленне альтэрнатыўнай ідэалогіі, руху, але і знішчэнне носьбітаў гэтай альтэрнатыўнай ідэалогіі.

Аб’ектыў
Канцлагер у «Воўчых норах»
2021.01.15 23:06

Мяркуючы з усяго, Лукашэнка і яго асяроддзе вельмі хацелі б вынішчыць усіх, хто сёння адкрыта супрацьстаіць тыраніі, а гэта каля мільёна беларусаў. Па-за ўсялякім сумневам, рэжым будзе імкнуцца звяртацца да сродкаў і захадаў, якія прывядуць да выдушвання з краіны і ізаляцыі хоць бы часткі пратэстнага пласта Беларусі. Лік можа даходзіць да 100 тысяч чалавек.

Каб праіснаваць наступныя гады, рэжым будзе вымушаны зрабіць тэрор пастаяннай асновай унутранай палітыкі. Тым больш, калі гаворка ідзе пра тое, каб расправіцца з беларускім класам палітычных пасіянарыяў.

Напружанне ўнутры грамадства настолькі вялікае, што ў той самы момант, калі ціск сістэмы аслабне, адбудзецца маштабны палітычны выбух, які проста знішчыць яе. Таму гэты ціск (рэпрэсіі) неабходна пастаянна падтрымліваць, матываваць і абнаўляць выканаўцаў (суддзяў і катаў).

Каб быць эфектыўнымі ў рэалізацыі тэрору, дзяржаўныя структуры павінны знаходзіцца на самым высокім узроўні мабілізацыі і кансалідацыі. Гэта ў сваю чаргу прывядзе да хуткага знясілення рэсурсаў, збяднення краіны, аж да скочвання яе да прымітыўнага ўзроўню сацыяльна-эканамічных адносін, а значыць, да яшчэ большай незадаволенасці, а значыць, большага тэрору.

Разам з тым, сёння ні адна сістэма (акрамя самых прымітыўных альбо ўнутрана самадастатковых, як Кітай) не здольная існаваць у рэжыме пастаяннага і адкрытага тэрору.

Дзеянні Лукашэнкі і ягонага атачэння, уласна, і ёсць механізм ўнутранага разбурэння беларускага аўтарытарызму. Чым даўжэй будзе ажыццяўляцца палітыка тэрору, тым хутчэй сістэма пачне распадацца.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў