Барыс Гарэцкі: Не выключаю ператрусаў і сілавых акцыяў у рэдакцыях незалежных медыяў


14 ліпеня падчас стыхійнай акцыі пратэсту супраць нерэгістрацыі ў якасці кандыдатаў на прэзідэнцтва Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы сілавікі жорстка затрымалі больш за 250 асобаў. Чатырнаццаць з іх – журналісты розных незалежных выданняў у Менску (10 асобаў), Гомлі (3), Берасці (1).

Сярод затрыманых былі і журналісты «Белсату». Гэтак у аўтазак запхнулі пазаштатнага журналіста «Новага часу» Арцёма Ляву, які вёў стрым для «Белсату», а таксама Кацярыну Андрэеву ды Ігара Ільяша. Позна ўначы іх адпусцілі.

Мірная акцыя ў Менску, 14 ліпеня. Удзельнік прагульваюцца цэнтральным праспектам.
Фота: ТК / Belsat.eu

Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі распавёў belsat.eu, чаго чакаць ад уладаў цягам перадвыбарнай кампаніі ды як абараніцца падчас хапуна.

14 ліпеня былі затрыманыя вельмі шмат нашых калегаў па ўсёй краіне. У тым ліку апоўначы схапілі журналістаў відэааддзелу TUT.by, калі ўсё ўжо скончылася. Ці можна разглядаць затрыманні журналістаў мэтанакіраванымі? Навошта сілавікі гэта робяць?

Я б не сказаў, што гэта мэтанакіраваныя затрыманні канкрэтных журналістаў. Хапалі ўсіх без разбору. Нават пасведчанне, якое было ў журналіста радыё «Свабода» Алеся Пілецкага не стрымала сілавікоў, а хутчэй стала чырвонай анучай.

Але гэта не былі персанальныя затрыманні. Праводзілася зачыстка, граблі ўсіх без разбору, хто трапляўся пад руку. У такіх сітуацыях азвярэлыя амапаўцы кідаюцца на любую раздражняльную цэль. На жаль, гэта журналісты.

Абноўлена
Вынікі НЕрэгістрацыі кандыдатаў: людзі выйшлі пратэставаць. Падчас стрыму затрыманыя журналісты «Белсату»
2020.07.14 19:22

Ці былі нейкія засцерагальныя захады з боку БАЖ, каб перадухіліць ці папярэдзіць ціск на журналістаў?

Пасля 19 чэрвеня БАЖ і рэдакцыі шасцідзесяці выданняў накіравалі супольны зварот ува ўсе магчымыя ведамствы з заклікам не кранаць журналістаў. Аднак, як мы бачым, на ўлады нічога не дзейнічае. Для амапаўца журналіст – як чалавек з кастэтам.

Па ўчорашніх падзеях бачна, што частка сілавікоў бяжыць хапаць каго-кольвек, а частка мэтанакіравана хапае журналістаў. Яны абазначаныя, з пасведчаннямі ды акрэдытацыяй, але калі трапляюць у месца масавага захопу, іх забіраюць разам з усімі.

Парады
«Дзяржава ставіцца да цябе як да скаціны». Як правільна сядзець на «соднях»?
2020.07.03 11:30

Чаго чакаць нам цягам гэтай перадвыбарчай кампаніі? Ці рэпрэсіі супраць журналістаў будуць узмацняцца?

На жаль, такое магчыма. Мы вельмі перажываем, бо ёсць сур’ёзная пагроза, што будзе мэтанакіраваная рэпрэсіўная акцыя ў дачыненні да журналістаў. З вуснаў кіраўніка МУС Юрыя Караева ўжо прагучала, што журналісты выводзяць людзей на вуліцы ды кіруюць імі. На жаль, нашыя калегі будуць цярпець, нягледзячы на ўсе высілкі. Азвярэлым хлопцам з АМАПу ўсё роўна, каго хапаць. Добра, што нікога не збілі.

У перыяд гэтай азвярэласці ўлады могуць узмацняць рэпрэсіі лавінападобна. Ёсць пагроза як нападу на асобных журналістаў, так і на рэдакцыі агулам. Нельга выключыць таго, што сёння адбудзецца ператрус або сілавая акцыя ў дачыненні нейкіх медыяў. Цяпер узровень небяспекі можа яшчэ не крытычны, але вельмі высокі.

Ці мае БАЖ нейкія адмысловыя рэкамендацыі журналістам, як пазбегнуць затрыманняў?

Рэкамендацыі, як пазбегнуць затрымання, няма. На акцыях трэба паводзіць сябе карэктна, быць максімальна абазначаным. Не ўлазіць у бойкі і разборкі сілавікоў, не агітаваць і не заклікаць да ўдзелу ў патасоўках. Мы кожную хвіліну павінныя быць гатовыя да таго, што нас схопяць, забяруць тэхніку.

Што рабіць у гэтым выпадку журналістам і рэдакцыям? Карыстацца інфармацыяй з агульнадаступных крыніцаў ці ўсё адно выходзіць і асвятляць падзеі?

Кожны сам для сябе вырашае, што рабіць. Гэта выбар журналіста. У такой сітуацыі ніхто не можа гарантаваць поўнай бяспекі. Большасць калег выходзяць, бо гэта нашая праца, мы нічога не парушаем.

Hавiны
Мяне затрымалі на пікеце: што рабіць? Кароткая інструкцыя
2020.06.21 12:35

Як абараніць сябе падчас затрымання і тэхніку, якую могуць сканфіскаваць?

Самае галоўнае – быць на сувязі з рэдакцыяй, бо самае страшнае – гэта калі журналіст знікае. Некаторыя выданні ўжо заключылі папярэднія дамовы з адвакатамі. Усе свае лічбавыя носьбіты, дакументы трэба пільнаваць.

Трэба браць пад увагу: у выпадку чаго – ува ўсіх перапісках будуць капацца. Таму важна забяспечыць свае прылады, каб абараніць крыніцы інфармацыі ды асабістае жыццё, што пазней можа выліцца ў беларускія прапагандысцкія медыі.

Размаўляла Дар’я Курачкіна belsat.eu

Стужка навінаў