Хваля кібератак дасягнула Беларусі


МУС Беларусі паведамляе, што сляды новага віруса, які атакуе Еўропу, ЗША і Азію, выяўленыя ў беларускіх кампутарных сетках.

Як адзначылі ва ўпраўленні «К», з заявамі ў міліцыю ўжо звярнуліся прадстаўнікі некаторых буйных беларускіх кампаніяў.

«Мэтай махляроў зʼяўляецца блакаванне каштоўнай інфармацыі, найперш вірусы (напрыклад, «Petya») пагражаюць фінансавым і бухгалтарскім падраздзяленням. Заражаныя файлы дасылаюць пад выглядам рэзюмэ, фінансавых справаздач, іншай уваходнай дакументацыі або маскіруюць пад архіў з дакументамі. На самай справе вірус зʼяўляецца EXE-файлам, пасля запуску якога загрузіць аперацыйную сістэму немагчыма», – паведамляюць у МУС.

Якія беларускія прадпрыемства сталі ахвярамі кібератак не паведамляецца.

Найбуйнейшая хакерская атака, якая распаўсюджвала вірус, што блакуе працу кампутарных сістэм, 27 чэрвеня паразіла банкі, энергетычныя кампаніі, дзяржаўныя інтэрнэт-рэсурсы і буйныя прадпрыемства па ўсім свеце. Першай ахвярай атакі стала Украіна.

Начальнік упраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогіяў МУС Беларусі палкоўнік міліцыі Вадзім Усціновіч адзначыў, што вірус «Petya» зʼяўляецца новым для ўсяго свету. Ён раіць грамадзянам пры зʼяўленні на маніторы кампутара патрабавання «выкупу» за дэшыфроўкі звяртацца ў міліцыю.

«Каб не стаць ахвярай кібер-нападаў, варта выкарыстоўваць складаныя паролі, карыстацца толькі ліцэнзійным праграмным і антывірусным забеспячэннем і пастаянна іх абнаўляць. Пільнасць пры атрыманні паведамленняў па электроннай пошце з незнаёмых і падазроных крыніц таксама дапаможа пазбегнуць заражэння кампутара і сеткі», – нагадваюць у МУС.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў