Хто такі Сэдат Ігдэджы, які напісаў на Валерыя Цапкалу заяву ў Генпракуратуру?


Сэдат Ігдэджы. Фота - instagram.com/sedat_igdedzhi/

На гэтым тыдні стала вядома, што патэнцыйным кандыдатам у прэзідэнты Валерам Цапкалаю зацікавіліся сілавікі. Падставай для перадследчай праверкі стала заява нарадзінца Турэччыны Сэдата Ігдэджы, якую ён напісаў у Генеральную пракуратуру. Belsat.eu пераканаўся, што бізнесовец мае сумнеўную рэпутацыю.

Сэдат супраць усіх

Сэдат Ігдэджы – нарадзінец Турэччыны, але з 2013 года мае беларускі пашпарт. У Беларусі ён вядомы як бізнесовец, заснавальнік шэрагу кампаніяў і ўдзельнік амбіцыйных інвестыцыйных праектаў.

Дзейнасць Сэдата ў Беларусі была добра разрэкламаваная. Ён размяшчаў сваю рэкламу на папулярных інфармацыйных рэсурсах, дзе прэзентаваў сябе як «буйны інвестар» і нават «вялікі бізнесовец». Акрамя таго, ён мае каля дзясятку сайтаў (гэта не ўлічваючы шматлікія старонкі ў сацсетках), дзе выступае ў якасці блогера і эксперта ў бізнес-сферы.

Сэдат Ігдэджы на адкрыцці зоны прыдарожнага сэрвісу каля «Котлаўкі». Потым падрадчык будаўніцтва скардзіўся, што кампанія Сэдата з ім не разлічылася.
Фота: ostrovets.by

Сярод інвестыцыйных праектаў Сэдата – сэрвісная зона каля памежнага пераходу «Котлаўка», гатэль у Астраўцы, жылы дом у Наваполацку ды інш. Аднак з удзелам у гэтых праектаў нарадзінца Турэччыны былі звязаныя шматлікія скандалы. Яшчэ ў 2015 годзе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва выставіла сур’ёзныя прэтэнзіі да кампаніяў Сэдата Ігдэджы. ТАА «Сэднат» і шэраг іншых фірмаў, дзе заснавальнікам выступаў турэцкі інвестар, адмовілі ў выдачы дазволу на ажыццяўленне дзейнасці ў галіне будаўніцтва. Падставаю для гэтага стала невыкананне кампаніямі Сэдата дагаворных абавязкаў па некаторых будаўнічых аб’ектах. У ліку пацярпелых тады фігуравалі EPAM Systems, IBA, адміністрацыя Парку высокіх тэхналогіяў ды іншыя.

«Ні адзін аб’ект не быў завершаны да канца і не быў перададзены ва ўстаноўленым парадку заказчыку. Па ўсіх абʼектах мелі месца або працягваюцца дзясяткі судовых разглядаў», – падкрэслівалі тады ў міністэрстве.

Аднак на гэтым скандалы не скончыліся. Восенню 2016 года 13 кампаніяў звярнуліся ў ДФР КДК з просьбаю правесці праверку ТАА «Сэднат», якое ўжо больш за год не выплачвала запазычанасці на агульную суму ў 3 млн дэнамінаваных рублёў (каля $ 1,5 млн паводле тагачаснага курсу).

Летам 2017 года кіраўнікі 11 прыватных і дзяржаўных кампаніяў падпісалі калектыўны зварот да КДБ, МУС і ААЦ з просьбай прыцягнуць Сэдата да адказнасці паводле артыкулу 209 Крымінальнага кодэксу (махлярства). Аўтары заявы вінавацілі кампаніі Сэдата ў сістэматычнай нявыплаце грошай за тавары, працы і паслугі. Аднак крымінальная справа распачатая не была.

Цяперашні стан запазычанасці кампаніяў Сэдата перад аўтарамі гэтых зваротаў розны. Напрыклад, у ЗАТ «Айрантэл» belsat.eu паведамілі, што турэцкі інвестар з імі цалкам разлічыўся. А вось у ТАА «Мульцібудсістэм» дагэтуль чакаюць сваіх грошай.

«Мы шмат па судах хадзілі і нарэшце даказалі, што мы маем рацыю. Але так ад яго (Сэдата – заўв. belsat.eu) грошай да канца і не чакаліся – яшчэ каля 3 тысяч рублёў засталося», – распавялі нам у фірме.

Крыніца belsat.eu у бізнес-асяроддзі на ўмовах ананімнасці патлумачыла, што запазычанасць Сэдата перад некаторым фірмамі дагэтуль складае сотні тысяч долараў.

Belsat.eu накіраваў пісьмовы запыт у кампаніі, звязаныя з Сэдатам Ігдэджы, з просьбай патлумачыць сітуацыю з крэдыторскай запазычанасцю. Адказу пакуль мы не атрымалі.

Праекты ў ПВТ

Сэдат Ігдэджы. Фота – instagram.com/sedat_igdedzhi

Кампаніі Сэдата Ігдэджы ў тым ліку ўдзельнічалі ў забудове Парку высокіх тэхналогіяў. У прыватнасці, ТАА «Сэднат» мусіў пабудаваць навукова-вытворчы будынак на вуліцы Акадэміка Купрэвіча. Старт будаўніцтву далі ва ўрачыстай абстаноўцы – чырвоную стужачку разам перарэзалі Валер Цапкала і Сэдат Ігдэджы. Паведамлялася, што «Сэднат» перамог на тэндары, які праводзіла адміністрацыя ПВТ. Планавалася, што на аб’екце будуць працаваць ад 50 да 150 рабочых, у асноўным з Турэччыны.

У сваёй заяве ў Генпракуратуру Сэдат піша, што менавіта Валер Цапкала прапанаваў яму пабудаваць будынак на вуліцы Акадэміка Купрэвіча ў Менску і шэраг іншых аб’ектаў. Кіраўнік ПВТ нібыта прасіў за гэта $ 200 тысяч «адкату». Аднак сам будынак ТАА «Сэднат» у любым выпадку пабудаваць не змагла. Аб’ект пераўтварыўся ў даўгабуд, кампанія Ігдэджы назапасіла вялікую запазычанасць перад іншымі арганізацыямі. У выніку ў 2014 годзе тагачасны прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч адхіліў ТАА «Сэднат» ад гэтага будаўніцтва.

«Тое, што ён пачаў забудову парку весці – гэта была памылка, – заявіў Цапкала на прэс-канферэнцыі 1 ліпеня 2020 года, – Далей пайшоў вялікі шлейф нявыкананых абавязкаў. Спыняў ягоную працу ў ПВТ ужо прэм’ер-міністр Мясніковіч, некалькі разоў патрабаваў ліквідаваць недахопы. Ні адзін з узятых на сябе абавязкаў ён (Сэдат – заўв. belsat.eu) не выканаў».

Валер Цапкала.
Фота: «Белсат»

Раней прэс-сакратар Цапкалы Аляксей Урбан у каментары belsat.eu адзначыў, што Сэдат Ігдэджы наагул ніводны аб’ект у ПВТ не завершыў.

«Тыя аб’екты, якімі ён (Сэдат – заўв. belsat.eu) у ПВТ займаўся, – ніводны з іх не прымаўся адміністрацыяй парку. Таму, калі ён кажа, што ён тут камусьці нешта даваў, то гэта не па адрасе», – адзначыў ён.

Дом, які стаўся кампраматам

Як гаворыцца ў заяве Сэдата, бізнесовец быццам бы перадаў Цапкалу больш за $ 1 млн у перыяд з 2011-2015 гадоў. Аднак фармальнай падставай для цяперашняга канфлікту Сэдата Ігдэджы і Валера Цапкала сталіся не абвінавачванні ў хабарніцтве, а сітуацыя з будаўніцтвам дому былога кіраўніка ПВТ.

Дом Валера Цапкала.
Фота: «Белсат»

У пачатку траўня Валер Цапкала ў інтэрв’ю dev.by распавёў, што прадаў свой дом і збіраецца за гэтыя грошы фінансаваць перадвыбарчую кампанію. Пазней журналісты высветлілі, што экс-кіраўнік ПВТ прадаў свой дом лізінгавай кампаніі, якая ўваходзіць у найбуйнейшую аўстрыйскую банкаўскую групу Raiffeisen Group.

Ужо 29 траўня гісторыя з домам атрымала працяг. Сэдат Ігдэджы звярнуўся ў рэдакцыю dev.by і распавёў, што гэта менавіта ён у 2013 годзе быў падрадчыкам будаўніцтва дома Цапкалы. Аднак іх супраца аказалася няўдалай – бізнесоўцу нічога не заплацілі. Сэдат ацаніў свае страты ў $ 200 тысяч.

Прэс-сакратар Аляксей Урбан у сваю чаргу тлумачыў, што кампанія Сэдата пабудавала толькі фундамент, але праца была выкананая няякасна і з парушэннямі тэхналогіяў, што пацвердзілі наглядныя органы. У 2014 годзе Ігдэджы і Цапкала праз гэта судзіліся. Суд першай і другой інстанцыяў сталі на бок кіраўніка ПВТ. Цяпер Сэдат сцвярджае, што Цапкала адпомсціў яму за спрэчкі вакол будаўніцтва дома і нібыта пачаў перашкаджаць ягоным фірмам працаваць па праектах ПВТ. У штабе Цапкалы гэтыя абвінавачванні зняпраўджваюць.

Валер Цапкала дае прэсавую канферэнцыю пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
Фота: «Белсат»

Цікава, што артыкул dev.by, у якім Сэдат Ігдэджы выступіў з абвінавачваннямі на адрас Цапкалы, выйшаў у той жа дзень, калі Аляксандр Лукашэнка заявіў пра наяўнасць кампрамату на свайго апанента.

«Ён, праўда, хітруе. Не гаворыць, чаму яго прэзідэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытаеце – чаму я яго звольніў. Хай праўдзіва распавядзе. І яму потым не захочацца ісці на выбары. Але ён шчыра не скажа. Трэба – скажам, але мы не хочам займацца гэтым кампраматам», – адзначыў ён падчас наведвання МТЗ.

Аляксандр Лукашэнка на МТЗ, 29 траўня. Фота – president.gov.by

Пазней, 4 чэрвеня, Лукашэнка намякнуў на нейкія махінацыі з продажам дома Цапкалы. «Гэта ж да хлусні дайсці… Пытаюцца: на чые грошы вядзеш гэтую кампанію? – Я дом прадаў і на гэтыя грошы вяду кампанію. Нават калі прадаў, то гэтых грошай хопіць на адзін тыдзень, каб тысячу чалавек штаб утрымліваць ці нават 500 і весці гэтую кампанію», – заявіў ён.

«Але вы паглядзіце, як прадаў? Ён жа жыве ў гэтым доме. Ён прадаў дом свой нейкай кампаніі, яна яму заплаціла грошы, але ён там жыве. Што гэта такое? Гэта фінансаванне перадвыбарнай кампаніі», – падкрэсліў Лукашэнка.

«Вы самі ўсё разумееце»

Сэдат Ігдэджы. Фота са старонкі ў Фэйсбуку

Як сцвярджае Сэдат, пасля выхаду публікацыі на dev.by «людзі Цапкалы» праз Instagram нібыта пачалі яго шантажаваць. «Пісалі, што калі я хоць раз скажу нешта пра Валера Цапкалу кепскае, то і мне, і дзецям будзе кепска. Я пайшоў у міліцыю», – заявіў бізнесовец у інтэрв’ю «Нашай Ніве».

Ён адзначыў, што хоча цяпер атрымаць не грошы за будаўніцтва дома Цапкалы, а сам дом. І яшчэ хоча, каб Цапкала выйшаў з прэзідэнцкай гонкі.

«Я хачу, каб ён сышоў з прэзідэнцкай кампаніі і з’ехаў з краіны. Мне гэтага хопіць», – дадаў Сэдат.

Нагадаем, у сваёй заяве Сэдат не толькі вінаваціць патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты ў карупцыі, але і пераказвае чуткі медычнага і сексуальнага характару. Тэкст заявы «злілі» ў сеціва 29 чэрвеня праз блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.

Сам Цапкала абвінавачванні з боку бізнесоўца называе «брудам» і падрабязна не каментуе.

«Вы самі ўсё разумееце. Тое, што Сэдат Ігдэджы сцвярджае – гэта перадвыбарчы фэйк, гэта відавочна», – заявіў на гэты конт прэс-сакратар Аляксей Урбан.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў