«Хто парушыў – таго ўнеслі ў спіс». Як дэпартамент міграцыі пільнуе гандляроў з Узбекістану і Таджыкістану


Ілюстратыўны здымак – Вячаслаў Пракофьеў/ТАСС/Forum

Тэлеграм-канал «NEXTA» апублікаваў службовы дакумент, падпісаны кіраўніком Дэпартаменту ўпраўлення па грамадзянству і міграцыі Аляксеем Бегуном аб умацаванні кантролю за гандлярамі з Узбекістану і Таджыкістану.

У дакуменце сцвярджаецца, што ў Беларусі значна павялічылася колькасць грамадзянаў Узбекістану і Таджыкістану, якія гандлююць адзеннем і абуткам у крамах і на кірмашах, а разам з тым – колькасць парушэнняў міграцыйнага заканадаўства.

Згодна з беларускімі законамі, прыцягваць працоўную сілу з-за мяжы працадаўцы могуць толькі ў выпадку, калі вакансіі не могуць заняць грамадзяне Беларусі або замежнікі, якія стала жывуць у нашай краіне. Перш за ўсё менавіта з улікам гэтага камітэты па працы і занятасці і выдаюць дазволы на працу мігрантам.

Паводле Аляксея Бегуна, падчас выбарачных праверак гэтых дазволаў інспектары ДГіМ выявілі, аднак, што іх запаўняюць фармальна, пішучы ў абгрунтаванні пра «недахоп кадраў», а ў прапанове вакансіі пазначаючы валоданне ўзбекскай мовай.

«На думку дэпартамента, патрабаванне аб абавязковым веданні і валоданні ўзбекскай мовай у Беларусі неабходна расцэньваць як дыскрымінацыйнае», – гаворыцца ў дакуменце.

Кіраўнік Дэпартаменту просіць сталічныя і абласныя ўпраўленні па грамадзянству і міграцыі ў супрацы з мясцовымі ўладамі зарганізаваць кантроль выканання працадаўцамі абавязкаў па прыцягненні працоўнай сілы з-за мяжы і надаць асаблівую ўвагу грамадзянам Узбекістану і Таджыкістану.

«Просьба асаблівую ўвагу звяртаць на факты парушэння імі працоўнай дысцыпліны або стварэння імі канфліктных сітуацыяў, якія выклікаюць напружанне ў працоўных калектывах», – гаворыцца ў дакуменце.

Галоўная ідэя дакументу – пільнаванне магчымых парушэнняў з боку працадаўцаў або працаўнікоў, якія б далі магчымасць ануляваць дазволы на працу мігрантаў, імаверна – з мэтай абараніць беларускіх вытворцаў адзення і абутку.

На просьбу «Белсату» ацаніць вынікі праверак і распавесці пра маштабы выяўленых парушэнняў цягам апошніх шасці месяцаў старшыня Дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі не змог.

«Мы не ацэньваем маштабы парушэнняў, мы толькі працуем над гэтымі катэгорыямі грамадзянаў», – сказаў Аляксей Бягун.

Лічбы грамадзянаў Узбекістану і Таджыкістану, якіх унеслі ў спіс асобаў, уезд якіх на тэрыторыю Беларусі непажаданы, ведамства таксама не змагло агучыць.

«Хто парушыў – таго ўнеслі. Гэта лічбы не для публічнага распаўсюду, – дадаў кіраўнік ДГіМ МУС. – Увогуле, гэты дакумент быў для службовага карыстання супрацоўнікаў. Для таго, каб у сваёй паўсядзённай дзейнасці яны звярталі ўвагу на асобныя аспекты дзейнасці. А не для таго каб публікавалі ў медыях тое, на чым мы факусуем сваю ўвагу».

Падзяліцца з «Белсатам» актуальнай інфармацыяй аб колькасці грамадзянаў Узбекістану і Таджыкістану, якія працуюць у Беларусі, і колькасці скасаваных ім дазволаў на жыхарства за апошнія шэсць месяцаў, не змаглі і ў прэсавым цэнтры МУС.

«Белсат» ужо скіраваў пісьмовыя запыты ў амбасады Узбекістану і Таджыкістану з просьбай падзяліцца інфармацыяй аб колькасці грамадзянаў гэтых краінаў, якія працуюць у Беларусі, і лічбе ануляваных дазволаў на жыхарства ў другім квартале 2019 года.

Раней у медыях неаднаразова з’яўлялася інфармацыя, што беларускія індывідуальныя прадпрымальнікі скардзяцца на крамы таннага адзення (вядомыя як «цюбецейкі»), заснаваныя ўраджэнцамі Сярэдняй Азіі: маўляў, яны губляюць кліентаў з-за вельмі нізкіх цэнаў у гэтых крамах.

Але прадпрымальнікі, з якімі паразмаўляў «Белсат», ставяцца да гэтай з’явы спакойна, без негатыву.

«Так, працуюць яны побач. Можа хтосьці і страціў праз іх пакупнікоў, але думаю тут шмат перабольшванняў, – распавядае адзін з іх. – Я асабіста нічога кепскага пра іх не скажу. Няхай працуюць».

«Адзенне ў іх танней, але і якасць горш. А людзі таксама не дурні: толькі цэнамі іх не прыцягнеш», – тлумачыць яшчэ адзін іпэшнік.

Нашыя суразмоўцы кажуць, што, можа ў гандляроў з Сярэдняй Азіі і ёсць нейкія парушэнні, але агулам яны працуюць добра.

У Беларусі першыя «цюбецейкі» пачалі з’яўляцца ў 2017 годзе.

Першая «цюбецейка» ў Менску адчыніла свае дзверы ў ГЦ «Манеж» на вуліцы Кульмана. Як пісалі медыі, яе ўладальнік – грамадзянін Узбекістана, што ўжо дзесяць гадоў жыве ў Беларусі. Сёлета крама пераехала ў ГЦ «Люстэрка» побач з Камароўскім рынкам.

Першая менская крама-«цюбецейка» пераехала ў 2019-м з ГЦ «Манеж» у ГЦ «Зеркало». Фота – «Белсат»

На з’яўленне журналіста «Белсату» працаўнікі «цюбецейкі» (сярод іх ёсць як беларусы, гэтак і ўраджэнцы Сярэдняй Азіі) адрэагавалі насцярожана: папрасілі не здымаць іх і наагул не фатаграфаваць у краме. Між тым на праблемы з уладамі яны не скардзяцца – кажуць, што працуюць спакойна.

Працаўнікі запэўніваюць, што апошнім часам узмоцненых праверак з боку МУС або іншых кантралюючых органаў не было.

«Праверкі бываюць, але ў звычайнымі фармаце», – кажа адзін з нашых суразмоўцаў.

Анатоль Шумчанка, лідар грамадскага аб’яднання прадпрымальнікаў «Перспектыва», якое неаднаразова скардзілася на недабрасумленную канкурэнцыю з боку гандляроў з Узбекістану, у размове з «Белсатам» таксама не заўважыў, каб за апошнія месяцы нешта змянілася.

«Як усё было, гэтак і засталося, як яны працавалі – гэтак і працуюць. Нашыя людзі ўжо стаміліся змагацца», – кажа Шумчанка ў размове з «Белсатам».

У праваабарончай арганізацыі «Human Constanta, вядомай сваёй юрыдычнай дапамогай замежнікам, не прыгадалі, каб да іх звярталіся грамадзяне Узбекістану і Таджыкістану ў пытаннях высылкі.

Паводле праваабаронцы Эніры Браніцкай, Дэпартамент па грамадзянству і міграцыі МУС карыстаецца тэрмінам «Праблемныя ў міграцыйным плане краіны», які ёсць у законе «Аб прававым становішча замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства», хаця нідзе не расшыфроўваецца.

Юрыстка прызнаецца, што каманда «Human Constanta» здагадваецца аб наяўнасці такога спісу на падставе рэгулярных зваротаў грамадзянаў менавіта гэтых дзяржаваў па прававую дапамогу.

«Нашмат горшае стаўленне [з боку дзяржавы] ў нас да больш далёкіх краінаў, – кажа юрыстка арганізацыі Эніра Браніцкая. – На практыцы гэта праяўляецца ў тым, што грамадзянам такіх краінаў, як, напрыклад, Алжыр або Емен, нашмат цяжэй атрымаць беларускую візу», – дадае Браніцкая.

Паводле юрысткі, Узбекістану і Таджыкістану ў гэтым спісе няма.

ДД, супраца – ІІ, МД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары