Хочацца хоць глыток свабоды: як праходзяць выбары на Глыбоччыне


Паколькі я зарэгістраваны ў вёсцы, вырашыў з’ездзіць прагаласаваць там, піша карэспандэнт belsat.eu Зміцер Лупач.

Сядаю на ровар, ехаць не так і далёка – 14 кіламетраў, участак знаходзіцца ў вёсцы Дзеркаўшчына.

Еду па горадзе, насустрач едзе аўтамабіль, кіроўца выкідвае руку ў апушчаную шыбу з пальцамі, што паказваюць знак перамогі, і крычыць мне: «Стоп, таракан!» Настрой адразу падымаецца. У горадзе пакуль усё спакойна, нічога асаблівага не заўважаецца. Шмат людзей, многія з дзецьмі, ідуць на выбарчыя ўчасткі.

Падрыхтоўка да канцэрта на другім участку ў Глыбокім. Фота – Зміцер Лупач/«Белсат»

Па дарозе мне тэлефануе знаёмы з Глыбокага, кажа, каб пільна глядзець у бюлетэнь, бо там насупраць Лукашэнкі ставяць кропкі. Я пра гэта ўжо чытаў, дзівіць тое, што гэтаму знаёмаму ўжо за восемдзесят, і ён гэту інфармацыю ведае.

А вось калі прыязджаю да вясковага выбарчага ўчастку, то адразу адчуваецца розніца з горадам: тут усё глуха як у танку. Каля выбарчага ўчастку ніводнага чалавека, толькі міліцыянт стаіць на прыступках. Заходжу ўнутр, дзяўчына адразу прапануе апрацаваць рукі.

– А што ў вас вірусы тут? – пытаюся.

– Так трэба.

Участак №3 у Глыбокім. Фота – Зміцер Лупач/«Белсат»

Праходжу ў зал для галасавання, вітаюся. Недзе каля паловы сябраў камісіі яшчэ тыя, з кім 26 гадоў таму сам быў у камісіі. Але ў іх такія выразы твараў, быццам бачаць мяне ўпершыню. Вітаюся, кажу, што прыйшоў прагаласаваць, першы раз за дваццаць гадоў. Але мой жартаўлівы тон не ўспрымаецца, у мяне пытаюцца пашпарт, потым выдаюць бюлетэнь, я іду ў кабінку.

Трэба сказаць, што фіранкі на кабінках не знятыя, фатаграфаваць бюлетэнь таксама ніхто не перашкаджае. Кідаю бюлетэнь, іду да стэнда з вынікамі датэрміновага галасавання. Згодна з пратаколам датэрмінова прагаласавала 117 чалавек. Неяк няшмат, думаецца…

Назіральнікі Людміла Барэйка і Вадзім Хлус. Фота – Зміцер Лупач/«Белсат»

Усё становіцца зразумелым, калі я гляджу колькасць выбарцаў – іх крыху больш за 750. І гэта пры тым, што не так даўно да ўчастка дабавілі некалькі вёсак. А ў 1994 годзе ў першым туры за Пазняка тут прагаласавала больш за 600 чалавек, а выбарцаў было больш за 1200. Пазняк нават адразу пасля выбараў прыязджаў у Дзеркаўшчыну.

«Выміраем?» – пытаюся ў Іосіфа Анашкевіча, дырэктара мясцовай школы, які таксама з’яўляецца сябрам камісіі. «На жаль, так, – адказвае той, – у мяне ў гэтым годзе нават дзясятага класа не будзе». «То можа хутка школу закрыюць?» «Не, сказалі ў бліжэйшыя гады яшчэ не», – адказвае дырэктар.

Выбарчы ўчастак у Дзеркаўшчыне. Фота – Зміцер Лупач/«Белсат»

Падыходзіць старшыня камісіі Тамара Валковіч, пытаюся, дзе людзі. «З раніцы трохі было, зараз мала», – адказвае. – Чакаем, што з касцёла праз гадзіну будуць ісці». На гэты ж час на ўчастку запланаваны канцэрт. За паўгадзіны, што я знаходжуся, на ўчастак прыйшлі толькі чатыры чалавекі.

Сустракаю знаёмую, з якой некалі разам былі ў камісіі па выбарах. Яна таксама кажа, што людзей амаль няма. «Нічога, па вёсках паехалі, нагоняць яўку», – адказваю. «Ну так, зробяць усё як трэба, – кажа жанчына, – але на гэты раз адчуваю: нешта ў Менску будзе».

Канцэрт на выбарчым участку ў Глыбокім. Фота – Зміцер Лупач/«Белсат»

Сапраўды, яўка на вясковых участках робіцца дзякуючы галасаванню па месцы знаходжання выбарца. Так было дваццаць пяць гадоў таму, так і зараз. Зараз яшчэ больш, бо раней людзей можна было нечым зацікавіць прыехаць на ўчастак, цяпер жа няма чым. Нават буфеты на выбарчых участках не працуюць, няма для каго.

«Няма такой неабходнасці, – кажа старшыня камісіі, – побач дзве крамы ёсць».

Але і ў крамах нікога не відаць: вёска як вымерла. З маіх знаёмых, хто збіраецца галасаваць за перамены, пакуль не відаць нікога, усе збіраюцца галасаваць бліжэй да вечара.

Гандлёвая палатка каля выбарчага ўчастка ў Глыбокім. Беларусь. 9 жніўня 2020 г. Фота: Зміцер Лупач / Belsat.eu
А дзецям радасць. Беларусь. 9 жніўня 2020 г. Фота: Зміцер Лупач / Belsat.eu
Участак №3 у Глыбокім. Фота – Зміцер Лупач/«Белсат»
Участак у вёсцы Дзеркаўшчына. Фота – Зміцер Лупач/«Белсат»

Вяртаюся ў горад. Тут сапраўднае свята жыцця. У цэнтры Глыбокага, дзе размешчаны трэці выбарчы ўчастак, шматлюдна. Дзеці катаюцца на машынках, дарослыя могуць зайсці ў гандлёвую палатку. Адметна, што ўчастак размешчаны пад шыльдай «Тэатральная зала». Што ж, сапраўдны тэатр!

Выстава перад уваходам на ўчастак у Дзеркаўшчыне. Фота – Зміцер Лупач/«Белсат»

Сустракаю знаёмага. Ігар прыйшоў галасаваць, збіраецца сфатаграфаваць бюлетэнь. Трэба адзначыць, на гарадскіх участках рукі апрацоўваць не прымушаюць: бяспека – асабістая справа кожнага.

«Так хочацца хоць глыток свабоды, абрыдзеў ужо гэты… – абураецца Ігар. – Учора бачыў, што ў Менску рабілася?! Зусім азвярэлі, гады, дзяўчынцы руку зламалі. Няўжо канца гэтаму не будзе?!»

Гэта адзіны ўчастак у горадзе, дзе ўнутр дапушчаны назіральнік ад Беларускага Хельсінскага камітэту Ганна Мартыноўская. Яна кажа, што шмат людзей абураецца тым, што не знаходзяць сябе ў выбарчых спісках.

Участак №3 у Глыбокім. Фота – Зміцер Лупач/«Белсат»

А вось на другім выбарчым участку незалежныя назіральнікі Людміла Барэйка і Вадзім Хлус сядзяць пад дзвярыма. «Добра хоць унутры» – жартуюць яны. Само ж галасаванне адбываецца на другім паверсе.

Але людзі, што заходзяць галасаваць, іх падтрымліваюць, вітаюцца, пытаюцца як справы.

Па ўсяму відаць, выбарчы працэс пройдзе на Глыбоччыне як заўсёды, а вось як успрымуць яго вынікі глыбачане, даведаемся ўжо вельмі хутка.

Дарэчы, інтэрнэт у Глыбокім пакуль ёсць, хоць і дрэнны.

Зміцер Лупач belsat.eu

Стужка навінаў