«Хапае грошай у бюджэце». Прэм’ер спадзяецца, што міжнародныя прагнозы пра Беларусь не спраўдзяцца


Беларусь прайшла вострую фазу выкліканага каронавірусам эканамічнага крызісу «дастаткова спакойна». Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

«Міжнародныя агенцтва прадракалі нам сурʼёзную рэцэсію і страту 4-6 пунктаў ВУП. Але ёсць падставы спадзявацца, што іх прагнозы не спраўдзяцца. Ужо па чэрвені мы бачым, што наша прамысловасць пачала прыбаўляць, мы пачалі больш упэўнена прадаваць, і за самы востры перыяд мы страцілі 1,7 % ВУП – тады як многія нашы суседзі страцілі ад 10 да 5 %, у тым ліку краіны з магутнай эканомікай у Еўразвязе», – заявіў прэм’ер.

Галоўчанка адзначыў, што для змагання з наступствамі крызісу Беларусь выдаткавала Br 500 млн, з іх Br 123 млн пайшлі на дадатковыя выплаты медработнікам, а Br 55 млн – на кампенсацыі стратаў субʼектам гаспадарання.

Hавiны
МВФ вылучыў дапамогу 72 краінам на барацьбу з наступствамі каронакрызісу
2020.06.27 12:38

Каб не дапусціць страты працоўных месцаў, закрыцця каля 60 тыс. чалавек працавалі ў рэжыме няпоўнай занятасці, каля 50 тыс. – паводле скарочанага працоўнага тыдня.

«Цяпер ідзе зваротны працэс. Сітуацыя выпраўляецца», – заявіў прэм’ер.

Паводле яго, сярэдні заробак у краіне за паўгоддзе вырас на 7,8 %. Галоўчанка паабяцаў да 2025 года выйсці на прапорцыю 150 % і 100 % адносна заробкаў медыкаў і педагогаў да сярэдняй зарплаты ў краіне.

Hавiны
«Беларусь субсідуе Расею». Эксперты абмеркавалі, як каронавірус паўплываў на нашую эканоміку
2020.05.22 09:00

На думку прэм’ера, сітуацыя з коштамі абсалютна спакойная, знаходзіцца ў прагнозных параметрах, «нават ідзем ніжэй за прагноз».

«Быў складаны перыяд, калі з-за разрыву ланцужкоў пастаўшчыкоў пачалі падымацца цэны. Памятаеце ажыятажны попыт на імбір, лімоны, грэчку? Прыйшлося тэрмінова гасіць гэтую сітуацыю і рэгуляцыйнымі, і эканамічнымі метадамі», – сказаў Галоўчанка.

Паводле яго, у краіне патаннелі мясная і малочная прадукцыя, хлебабулачныя вырабы. Цэны растуць толькі на сезонныя тавары.

Агулам, сказаў прэм’ер, «у нас хапае грошай у бюджэце для таго, каб выконваць усе свае сацыяльныя абавязкі і праграмы развіцця».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў