Гур’янаў: У Расеі з маўклівай згоды дзяржавы адмаўляюць катынскую расправу


Аляксандр Гур’янаў. Здымак: «Мемарыял»

У 80-ю гадавіну прыняцця рашэння аб забойстве афіцэраў у Катыні Belsat.eu спытаў у Аляксандра Гур’янава з «Міжнароднага Мемарыялу», хто ў Расеі хавае пад дыван гісторыю масавага расстрэлу палякаў.

– Хто такі Уладзіслаў Швед, аўтар артыкула для «РИА Новости», у якім ён сцвярджае, што Катынскую расправу здзейсніла Нямеччына?

– Па-першае, Швед не гісторык. Да 1991 года ён быў другім сакратаром ЦК Кампартыі Літвы. Ён быў высокапастаўленым чыноўнікам.

Сярод тых, хто адмаўляе катынскую расправу, няма дастойных гісторыкаў. Сярод іх ёсць прафесары гісторыі, але спецыялізуюцца яны ў іншых галінах. Я аднойчы быў на іхнай сустрэчы, дзе яны прадстаўлялі свае тэзісы і паспрабавалі звярнуцца да архіўных даследаванняў, якіх на самой справе не было. Адным словам, яны шарлатаны, якія да таго ж ня маюць фармальнай арганізацыі. Адзіны чалавек, які ведаў падрабязнасці катынскай справы, быў Сяргей Стрыгін, які памёр тры гады таму. Ён быў тым, хто падтрымліваў сваіх калегаў ведамі, фальсіфікуючы факты. Разам са Шведам яны напісалі ў 2005 годзе супольную публікацыю, у якой цалкам адмаўлялася Катынь. Стрыгін быў памочнікам Юрыя Мучына, які таксама адмаўляў гэтую праўду, і якому ён перадаў вынікі сваіх даследаванняў. На іх падставе Мучын пісаў кнігі на тэму русафобіі.

– Чаму «РИА Новости» цяпер выпусціла гэты матэрыял пра Катынь?

– Нельга сказаць, што ўсе расейскія СМІ заваленыя публікацыямі, якія адмаўляюць катынскую расправу. Пазаўчора ў чытанай і паважанай газеце «Ведомости» я надрукаваў свой тэкст пра Катынь у зусім супрацьлеглым духу. І гэта было не па маёй ініцыятыве – газета сама папрасіла мяне напісаць гэты артыкул. Я не выключаю, што публікацыя Шведа магла стаць рэакцыяй на маю публікацыю. Незалежныя сродкі масавай інфармацыі значна слабейшыя, чымся праўладныя, але яны ўсё ж спрабуюць даваць адказ фальсіфікатарам. Робяць яны гэта і ў звязку з апошнімі заявамі Уладзіміра Пуціна, якія падробліваюць гісторыю.

У сваіх публікацыях тыя, хто ўпарта згадвае даўно зняпраўджаныя аргументы, разлічваюць на не вельмі абазнаных людзей і няведанне фактаў. Я думаю, што аўтары, якія адмаўляюць савецкую віну, не з’яўляюцца афіцыйнымі прэс-сакратарамі дзяржавы, але яны ўсё яшчэ дзейнічаюць з ейнай маўклівай згоды.

Размаўляў Якуб Бернат /ЮВ belsat.eu

Аляксандр Гур’янаў – кіраўнік польскай секцыі «Мемарыяльная асацыяцыя». Ён зʼяўляецца рэдактарам кнігі, прысвечанай польскім афіцэрам, забітым у Калініне і пахаваным у Медным, а таксама аўтарам публікацыяў, прысвечаных дэпартацыям палякаў у СССР. Гісторык быў госцем канферэнцыі «Katyn Pro Memoria» у Варшаве, арганізаванай Цэнтрам польска-расейскага дыялогу і паразумення.

Стужка навінаў