Гумовай кулі няма розніцы – пратэстовец ці «ябацька»

Мегамітынгу на падтрыманне Лукашэнкі ў нядзелю не будзе. Чаму? Бо зашмат народу – «пад 300 тысячаў» – нібыта захацелі прыехаць. Бо «мы спаралізуем цэлы Менск». Бо каронавірус. Бо не кожны з іх, маўляў, здолее ўбачыць «бацьку» – гэта хіба найлепшая версія ад самога Лукашэнкі.

Мітынг рыхтавалі хіба з тыдзень. Падцягнулі ўвесь магчымы і немагчымы адміністрацыйны рэсурс: ад ветэранскіх арганізацыяў да дзіцячых садкоў. У адрозненне ад легендарнай «таемнай інаўгурацыі», ад патэнцыйных удзельнікаў не асабліва хавалі, куды яны едуць і нашто. Хібы злёгку камуфлявалі: аглядная экскурсія па Менску, а ў дадатак – два адгулы.

Акцыя прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
Фота: ТК / «Белсат»

Калі прыйшла навіна пра адмену, а прэм’ер Галоўчанка адрапартаваў пра «лавінападобнае павелічэнне колькасці ахвочых», сацыяльныя сеткі выбухнулі рогатам. Усё так, толькі дагары нагамі. Бюджэтнікі, маўляў, усяляк спрабуюць «саскочыць» з вандроўкі, патрэбнай колькасці і блізка не набіраецца. «Лавінападобны рост» наўпрост трэба змяніць на «лавіну адмоваў», каб усё стала на свае месцы.

Як насамрэч? Цяжка ўлезці ў логіку чыноўнікаў першага эшалону, але паспрабуем. Сумневу ў тым, што ў Менску ўдалося б сабраць тысячаў 15 «ябацек», у мяне асабіста няма. Гэта шмат? Зусім не. Чыноўнікі, бюджэтнікі, пераапранутыя сілавікі, БРСМ толькі са сталіцы… А яшчэ ж рэгіёны! Наскрэблі б. Навучаныя СМІ стварылі б патрэбную карцінку, зняўшы з добрых ракурсаў. Пасля – трыумфальны пуск па дзяржаўных каналах.

Каб пратэстоўцы з «ябацькамі» не сустрэліся на Акрэсціна

Дык чаму не? Бяспека. Лукашэнка сам пра гэта прагаварыўся: «Мы не гарантуем бяспекі людзей». Праўда, далей у прамове ідзецца пра магчымыя выбухі, натоўп пабяжыць, будзе, як на Нямізе… Класіка. Пра небяспеку падчапіць каронавірус кажацца ў афіцыйным паведамленні, але, улічваючы ранейшую браваду з ноткамі дарвінізму з вуснаў самога Лукашэнкі, наўрад ці для яго самога гэта паважная прычына.

Акцыя прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
Фота: ТК / «Белсат»

Мяркую, галоўная небяспека – немагчымасць дакладнай фільтрацыі сілавікамі людзей на вуліцах. Бо калі «гасіць», то ўсіх. Можна ж дручком па галаве і старому «бээнэфаўцу» зарадзіць, а можна, праз памылку, якому старшыню райвыканкаму. Ці, крый божа, ветэрану… Як іх адрозніць?

Далёкі ад думкі, што мітынг мог пайсці паводле сцэнара Чаўшэску ў 1989 годзе, калі намінальныя прыхільнікі дыктатара яго асвісталі. Таксама малаверагодна, што палова «ябацек» арганічна ўліліся б у шыхты пратэстоўцаў. Ці ўчыніліся б нейкія бойкі паміж дзвюма плынямі мітынгоўцаў. Было б проста панурае відовішча з аднаго боку і карнавал з другога.

Але кейс у тым, што нават удзельнікам панурага відовішча пасля трэба разыходзіцца ці гуляць па Менску, дзе ўмоўна невядомыя асобы ў балаклавах у шэрых бусіках акурат палююць на тых, хто гуляе. Асабліва – групамі. Асабліва – з сімволікаю. Любой. А значыць, непазбежна «ябацькі» з актывістамі ўсё ж сустрэнуцца – на Акрэсціна, у Жодзіна, у Баранавічах… Хто разбірацца будзе? І гэта ўжо поўны тэатр абсурду.

Няма краіны, падзеленай напалову

Цікава тут прыгадаць сітуацыю ў Берліне ўвесну 1929-га. Нагадаем: яшчэ да прыходу Гітлера да ўлады. Тады на вуліцах праходзілі рэгулярныя мітынгі нацыстаў і камуністаў. Часам – з крывавымі сутычкамі. Паліцыя пастанавіла забараніць усе мітынгі, а калі што – страляць. Так і зрабілі. Стралялі і разганялі. І нацыстаў, і камуністаў.

Урад Ваймарскай рэспублікі спрабаваў выкручвацца і быць па-над усімі палітычнымі сіламі. Маўляў, на вуліцах мае быць парадак, а не хаос. Дзяржава – сабе, а палітыка – сабе. Ніхто не дадумаўся тады рабіць нейкіх асобных мітынгаў на падтрыманне Ваймарскай рэспублікі з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу. Яна і не была ў трэндзе: такія мітынгі выглядалі б, як сон у бібліятэцы.

Акцыя прыхільнікаў палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
Фота: ТК / «Белсат»

У нас жа па факце няма ніякіх дзвюх раўназначных сілаў, якія змагаюцца паміж сабой – як у Берліне 1929-га. Няма краіны, падзеленай напалову паводле ідэалагічнай прыкметы. Ёсць народ, які выходзіць на вуліцы са жніўня. А ёсць дзяржава, якая пакуль трымаецца за кошт моцнага кулака сілавікоў. І толькі як бонус да гэтага кулака – адміністрацыйны рэсурс «ябацек», збольшага пасіўная меншасць. Вось яго і ашчаджаюць.

Таму «лавінападобны» ў нас хіба толькі рост гвалту. І калі ўлады баяцца выпускаць на вуліцу сваіх адэптаў, то гвалт будзе працягвацца. А гумовая куля аднолькава ўваходзіць і ў пратэстоўца, і ў «ябацьку».

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў