Грузія плануе да 2021 году ўвайсці ў NATO


Учора прэм’ер-міністр Грузіі Гіёргі Квірыкашвілі ў эфіры тэлеканалу «Rustavi 2» распавёў пра планы атрымаць статус удзельніка NATO.

«Мы спадзяемся, што ў 2021 годзе, праз 100 гадоў пасля савецкай акупацыі, Грузія набудзе статус сябра Паўночнаатлантычнага альянсу. Мы ўпэўненыя, што цывілізаваная супольнасць, у прыватнасці, Паўночнаатлантычны альянс, знойдзе ў сабе сілу, каб замацаваць рашэнні, якія неабходныя для нашага рэгіёну і не толькі», – сказаў Квірыкашвілі.

Пад рашэннямі, верагодна, маецца на ўвазе тое, што ў NATO не прымаюць краіны, якія маюць тэрытарыяльныя праблемы. На мапе Грузіі дзве такія праблемныя зоны – акупаваныя тэрыторыі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Расейцы ўжо адрэагавалі на заяву прэмʼера Грузіі.

«Таму фармальна – нельга (прымаць Грузію ў NATO – заўв. belsat.eu). Але, калі пераважыць жаданне яшчэ мацней націснуць на Расею, то варыянт знойдзецца. З разуменнем таго, што гэта не зробіць гэты рэгіён больш бяспечным», – сказаў «РИА Новости» дэпутат Савету Федэрацыі Алег Марозаў.

Актыўна прасоўваць далучэнне Грузіі да альянсу пачаў яшчэ Саакашвілі. У 2006 годзе грузінскі парламент прагаласаваў адзінагалосна за інтэграцыю Грузіі з NATO. У 2008 годзе адначасова з прэзідэнцкімі выбарамі прайшоў рэферэндум, па выніках якога за далучэнне да NATO выказаліся 77% грамадзянаў Грузіі.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары