16-гадовая экалагічная актывістка са Швецыі Грэта Тунбэрг абвешчаная лаўрэаткай прэміі «За правільны лад жыцця», вядомай таксама як «Альтэрнатыўная Нобэлеўская прэмія».
Як паведамілі арганізатары, актывістка атрымлівае ўзнагароду «за натхняльныя і ўзмацняльныя палітычныя патрабаванні адносна тэрміновых кліматычных дзеянняў, якія адлюстроўваюць навуковыя факты».
«Хоць я і атрымліваю ўзнагароду, не я з’яўляюся пераможцай. Я частка глабальнага руху школьнікаў, моладзі і дарослых рознага веку, якія вырашылі дзейнічаць у абарону нашай жывой планеты», – заявіла Грэта Тунбэрг.
Таксама сярод атрымальнікаў прэміі яшчэ трое чалавек.
Гэтак, праваабаронца Амінату Гайдар (Aminatou Haidar), вядомая як «сахарская Гандзі», атрымлівае ўзнагароду «за настойлівыя негвалтоўныя дзеянні, нягледзячы на турэмнае зняволенне і катаванні, у мэтах забеспячэння справядлівасці і самавызначэння народу Заходняй Сахары».
Адвакатка Го Цзяньмэй (Guo Jianmei) атрымлівае ўзнагароду «за наватарскую і настойлівую працу ў абарону правоў жанчын у Кітаі». За сваю кар’еру яна дапамагала тысячам абяздоленых жанчын атрымаць доступ да правасуддзя.
А лідар індзейцаў Бразіліі Даві Капенава (Davi Kopenawa) узнагароджаны «за смелую рашучасць абараняць лясы і біяразнастайнасць Амазонкі, а таксама землі і культуру яе карэнных народаў».
Кожны з якіх атрымае 1 млн шведскіх кронаў (94 тыс. еўраў). Прызавы фонд прызначаны для падтрымання працы лаўрэатаў, а не для асабістага карыстання.
Агулам былі разгледжаныя заяўкі 142 намінацыяў з 59 краінаў.