Беларуская моладзь хоча падтрымаць сусветныя дэманстрацыі па праблемах клімату


За ўчорашні дзень, паводле Белгідраметэацэнтру, у Беларусі пабіты тэмпературны рэкорд адразу ў некалькіх гарадах.

Максімумы абнавіліся на метэастанцыях на ўсходзе краіны: у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай вобласцях. У самым Магілёве, да прыкладу, пабіты рэкорд 47-гадовай даўніны. Але тэмпературныя рэкорды ўжо не ўспрымаюцца як нешта надзвычайнае, мяркуе адмыслоўца ў пытаннях клімату Настасся Бекіш. Надвор’е стала менш прадказальным, а зімы – цяплейшымі.

«Тое, што зімы робяцца цяплейшымі, ужо істотна ўплывае на сельскую гаспадарку ў тым ліку, на наша здароўе. Бо мы ўжо ўсе заўважылі, як шмат стала кляшчоў, гэта адно з наступстваў змены клімату», – кажа Настасся Бекіш, праграмная дырэктарка «Зялёнай сеткі».

Сярод наступстваў глабальнага змянення клімату – часцейшыя засухі ды ўраганы. А таксама цяплейшае лета. Паводле метэаролагаў сёлетні ліпень у Беларусі быў самы спякотны за ўсю гісторыю назіранняў. А ці заўважылі змяненне клімату жыхары Менску?

«То зіма без снегу, то лета дужа спякотнае, ёсць такое».

«Лета робіцца цяплейшым, але мне гэта добра, не трэба ехаць ні ў Турцыю, ні ў Егіпет».

«Хіба мы можам прыроду змяніць? Ну не, канечне, як дадзенае».

Ужо год у шмат якіх еўрапейскіх краінах па пятніцах праходзяць дэманстрацыі падлеткаў, якія хочуць прыцягнуць увагу да праблемаў клімату.

Запачаткавала акцыі Грэта Тунбэрг – шведская школьніца, якая са жніўня мінулага года не ходзіць у школу, а спрабуе прыцягнуць увагу палітыкаў да праблемаў клімату. Яна натхніла шмат каго з падлеткаў, і цяпер у дзясятках гарадоў праводзяцца кліматычныя дэманстрацыі. Падлеткі патрабуюць рашучых дзеянняў, каб запабегчы змене клімату на нашай планеце. Беларуская моладзь плануе далучыцца да сусветных дэманстрацыяў 27 верасня.

«Асноўная мэта – гэта зацікавіць людзей праблемай, якая цяпер існуе са змяненнем клімату, растлумачыць, чаму гэта важна і чаму трэба пачынаць ужо зараз нешта рабіць, бо час ідзе, і толькі мы можам паспрабаваць нешта змяніць», – расказвае Вераніка Яновіч з моладзевага крыла Беларускай партыі «Зялёныя».

Акцыю актывісты хочуць правесці ў сталічным Кіеўскім скверы.

Наста Кахановіч belsat.eu