Аб'ектыў 20.09.2019 Экалагічныя страйкі моладзі прайшлі па ўсім свеце


Не дамо забраць у сябе будучыню! Пад такім дэвізам маладзёны са 160 краінаў свету ўзялі ўдзел у глабальным страйку дзеля абароны клімату. У пратэставую пятніцу страйкавала і суседняя Польшча. Вучні замест школы з лозунгамі і плакатамі выйшлі ў цэнтр Варшавы.

Удзельніца экалагічнага страйку, Варшава:

«Дзякуем усім, хто ўзяў удзел у страйку, хто не згаджаецца з тым, каб жменька людзей ва ўрадзе пастанаўляла, ці будуць рэсурсы для жыцця праз 10 гадоў».

Моладзь мяркуе, што польскія палітыкі ігнаруюць экалагічныя праблемы.

«Дарослыя не бачаць гэтай праблемы, але нам тут жыць, і мы хочам добрай будучыні, не трываць, хочам жыць шчасліва, мець дзяцей і ўнукаў», – кажа Алівія Мізюрэк, вучаніца ліцэю.

Да міжнароднай акцыі ў абарону наваколля далучыліся ўкраінскія школьнікі і студэнты, якія прайшлі маршам да Кабінету міністраў.

«Я напісала пост: мы едзем на марш па экалогіі. І некаторыя пачынаюць троліць: вы едзеце на машыне?! Ну так! Ад усяго адмовіцца вельмі складана. Трэба крок за крокам», – распавядае ўдзельніца экалагічнага страйку, Кіеў.

У Нямеччыне ў межах страйку адбылося больш за 500 экалагічных акцый і дэманстрацыяў.

«Як навукоўцы мы падтрымліваем барацьбу маладога пакалення за добрую будучыню», – кажа навуковец з Берліну Грэгар Гагедорн.

У Аўстраліі на вуліцы выйшлі 300 тысяч маладзёнаў. Як і ў Нямеччыне, іх падтрымалі эколагі, навукоўцы ды адмыслоўцы ў галіне навакольнага асяроддзя. Удзельніца экалагічнага страйку, Сіднэй:

«Сонечная і аднаўляльная энергія – гэта самая чыстая ды танная форма энергіі ў свеце, і кожны чалавек мусіць мець да яе доступ. Таму мы мяркуем, што наш урад павінен ужо зараз змяніць сітуацыю».

Што яшчэ можна было б зрабіць цяпер дзеля паляпшэння клімату? Хаця б гэта: маладзёны патрабуюць не высякаць дрэваў.

І, бадай, галоўнае патрабаванне – прызнаць, што мы ўжо маем экалагічную катастрофу, забруджаныя паветра, ваду і ежу. Моладзь патрабуе ад уладаў на падставе даследаванняў навукоўцаў выпрацаваць стратэгію выхаду з кліматычнага крызісу, трансфармаваць гаспадарку, каб зменшыць шкодныя выкіды, змяніць падыход людзей, каб спынілася засмечванне нашай планеты.

Акцыі супраць змянення клімату «Пятніцы дзеля будучыні» пачаліся год таму, калі шведская школьніца Грэта Тунбэрг выйшла з самаробным плакатам да парламенту ў абарону клімату. Цяпер глабальны рух налічвае 2 мільёны чалавек.

Гэта не столькі пратэст, колькі крык душы маладзёнаў. Ці пачуюць яго дарослыя?

Вольга Старасціна belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары