Грэкі і македонцы нарэшце могуць памірыцца. Але не факт


17 чэрвеня 2018 года. Прэм’еры Македоніі і Грэцыі Зоран Заеў і Алексіс Цыпрас размаўляюць пасля падпісання пагаднення, якое можа завяршыць шматгадовыя спрэчкі. Фота – Ognen Teofilovski/Reuters/Forum

Грэцыя і Македонія на афіцыйным узроўні, нягледзячы на пратэсты ўнутры краінаў, дамовіліся аб новай назве для балканскай дзяржавы. Калі пагадненне набудзе моц, Македонія зможа распачаць інтэграцыю з Аб’яднанай Еўропай.

Міністры замежных справаў Грэцыі і Македоніі Нікас Кац’яс і Нікола Дымітраў падпісалі пагадненне аб перайменаванні былой югаслаўскай рэспубліцы ў «Рэспубліку Паўночнай Македоніі», падае Reuters. Сустрэча адбылася на беразе возера ў рэгіёне Прэспес на мяжы Грэцыі, Македоніі і Албаніі ў прысутнасці еўрапейскіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

«У нас ёсць гістарычная адказнасць, што гэтая здзелка не адбылася ў бяздзейнасці, і я ўпэўнены, што нам удасца гэта», – заявіў падчас сустрэчы кіраўнік грэцкага ўраду Алексіс Цыпрас.

Пагадненне дае надзею завяршыць шматгадовую спрэчку паміж Афінамі і Скоп’е.

«Нашыя краіны павінныя перастаць глядзець у мінулае і павярнуцца да будучыні, – дадаў македонскі прэм’ер Зоран Заеў. – Мы былі дастаткова смелыя, каб зрабіць крок наперад».

Дакумент, аднак, нічога не гарантуе. Каб ён набыў моц, яго павінныя зацвердзіць парламенты абодвух краінаў.

Рашэнне аб перайменаванні выклікала незадаволенасць у грэцкай грамадстве. Асабліва моцныя пратэсты трываюць у Салоніках – сталіцы грэцкага рэгіёну Цэнтральная Македонія. Дэманстранты лічаць, што пагадненне паміж Афінамі і Скоп’е зʼяўляецца прыкладам слабасці грэчаскіх уладаў, якія вырашылі саступіць.

Грэкаў не задавальняе назва Македоніі, бо яна занадта сугучная з грэцкай вобласцю Македонія.

Прэзідэнт Македоніі ўжо паабяцаў заблакаваць пагадненне.

Пасля распаду Югаславіі Македонія ўвайшла ў ААН пад афіцыйнай назвай Былая югаслаўская рэспубліка Македонія (ангельская абрэвіятура – FYROM), нягледзячы на ​​тое, што ў македонскай канстытуцыі краіна называецца Рэспублікай Македонія.

Але нават такая назва не задавальняла грэкаў, якія на сваіх мапах пазначалі Македонію як Скоп’е – па назве сталіцы.

Праз пазіцыю Афінаў Македонія на працягу мноства гадоў не магла распачаць працэдуру ўступлення ў Еўразвяз, НАТО і шэраг іншых міжнародных структураў.

ДД

 

Кіраўнікі грэцкага і македонскай МЗС, Нікас Котзіас і Нікола Дзімітраў падпісваюць пагадненне аб новай назве Македоніі.

Стужка навінаў