«Глядзець няма чаго». Як «Кінавідэапракат» адстойвае ў судзе прывабнасць сваго рэпертуару


Дырэктар «Гроднааблкінавідэапракату» Юры Аляксей, у мінулым чалец Савету Рэспублікі, падаў у суд на гарадзенскую журналістку і партал Hrodna.life. Чыноўніка абурыў артыкул пра рэпертуар гарадзенскіх кінатэатраў.

Напісала, што «Глядзець няма чаго»

У ліпені гэтага года студэнтка 3-га курсу БДУ Вераніка Вельб праходзіла практыку на інфармацыйным інтэрнэт-партале hrodna.life. Яшчэ не выпрацаваная гаротнай беларускай доляй самацэнзура дазволіла дзяўчыне напісаць смелы артыкул пра адсутнасць добрага рэпертуару ва ўсіх гарадзенскіх кінатэатрах.

Артыкул з’явіўся ў калонцы «меркаванне» пад назвай «Глядзець няма чаго. На што насамрэч здатныя гарадзенскія кінатэатры».

У тэксце дзяўчына раскрытыкавала аднолькавасць рэпертуару і якасць фільмаў, якія адначасова паказваліся ва ўсіх кінатэатрах Горадні.

«Кінатэатр – гэта прэм’еры, стужкі – пераможцы фестываляў, гэта атмасфера, калі ты цалкам засяроджваешся на тым, што адбываецца на экране. Горадня – дастаткова вялікі горад, каб тут быць людзям з рознымі густамі. А гарадзенскі кінапракат нічым, акрамя разрэкламаванага галівудскага кіно не цікавіцца. «Кінатэатры», што рабіць гарадзенцам? Скажаце, дома спазнаваць кінематограф? Тады навошта патрэбны «Усход», «Космас», «Чырвоная зорка» і нават «Кастрычнік»? Можа вы бядуеце? А я тут так груба і незразумела выказваюся. Але актыўнасць «Гроднааблкінавідэапраката» у самых некіношных сферах і далёка не дрэнны рамонт у кінатэатрах кажуць пра іншае. І квіткі сёння каштуюць не танна. Можа, грошай няма, таму што людзі не ходзяць? Глядзець няма чаго», – напісала журналістка.

Зганьбіла рэпутацыю?

Дырэктар КУП «Гроднааблкінавідэапракат» Юры Аляксей

Напрыканцы жніўня Вераніка Вельб і рэдактар hrodna.life Аляксей Шота атрымалі позвы ў суд. Скарга была на тое, што публікацыя нібыта ўтрымлівае заганныя фрагменты, заснаваныя на несапраўдных фактах, зганьбіла дзелавую рэпутацыю прадпрыемства, выклікала пакуты супрацоўнікаў кінатэатраў, публічна прыніжаючы іх працу, якую яны сумленна выконваюць.

На ўсе спробы кіраўніка інтэрнэт-парталу залагодзіць канфлікт, генеральны дырэктар КУП «Гроднааблкінавідэапракат», Юры Аляксей адказваў катэгарычнай адмоваю.

«Справа ў тым, што яшчэ да суда мы спрабавалі цывілізавана дамовіцца. Я прапанаваў апублікаваць пазіцыю «Гроднааблкінавідэапраката», апублікаваць цалкам, слова ў слова. Калісьці мы так ужо рабілі. Апублікаваўшы непрыемны тэкст для аднаго з бараў, у супрацьвагу мы апублікавалі іх тэкст. Яны не падавалі на нас у суд. Мы засталіся ў добрых адносінах. На першым паседжанні ў верасні суддзя адразу прызначыў прымірэнне. Пры тым, што на прымірэнне мы пагадзіліся. Мы сказалі, што апублікуем усё, што вы захочаце ў той жа самы дзень. Аднак нашыя апаненты прынцыпова настойваюць менавіта на судовым абвяржэнні», – тлумачыць галоўны рэдактар hrodna.life Аляксей Шота.

Каб забараніць крытыку ці запалохаць рэдакцыю?

Юрыдычны кансультант Беларускай асацыяцыі журналістаў Анджэй Пачобут здзіўлены сітуацыяй.

«Сітуацыя забаўная. Былы сенатар і кіраўнік дзяржпрадпрыемства судзіцца са студэнткай 3-га курсу, таму што ёй не спадабаўся рэпертуар гарадзенскіх кінатэатраў. Дзіўна, што рэакцыя на крытыку з боку дзяўчыны такая жорсткая: працэс, нязгода на заключэнне мірнага пагаднення… Мне падаецца, што мэта – абмежаванне крытыкі. Я вось правёў эксперымент, пытаў у знаёмых, калі яны хадзілі ў кіно. Адказы былі адназначныя: «Не хадзілі, бо дорага, цікавых фільмаў няма». І вось гэты пункт гледжання цяпер спрабуюць забараніць», – каментуе Анджэй Пачобут.

Галоўны рэдактар hrodna.life лічыць, што мэта генеральнага дырэктара КУП «Гроднааблкінавідэапракат» не аднавіць справядлівасць, а пакараць рэсурс:

«Не разумею ў чым прычына такой прынцыповасці. Судовая справа можа цягнуцца і паўгода. А можна скончыць канфлікт у адзін момант, што зэканоміць час і будзе значна танейшым. Трэба зазначыць, што гэты тэкст – меркаванне, а меркаванне немагчыма зняпраўдзіць, яго можна толькі аспрэчыць. Але яны хочуць, каб мы апублікавалі абвяржэнне і аплацілі судовыя выдаткі».

Другое паседжанне суда адбылося ў Эканамічным судзе гарадзенскай вобласці 24 кастрычніка. Рашэннем суда тэкст быў скіраваны на лінгвістычную экспертызу.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў