Гісторыя аднаго звальнення з войска: На пытанне пра «страляць у людзей» камандзір не адказаў


Алена Смолдарава адпрацавала ва Узброеных сілах Беларусі 16,5 года, але 17 жніўня падала рапарт аб звальненні, бо «выбрала народ» – так у рапарце і напісана. Паводле жанчыны, вайскоўцаў зараз жорстка апрацоўваюць у ідэалагічным плане, а яна з гэтым была нязгодная.

Рапарт і службовае пасведчанне Алены Смолдаравай.
Фота: ВМ / Белсат

Спадарыня Алена – прапаршчык, працавала начальнікам складу ў войсках супрацьпаветранай абароны (СПА). Мае чатырох дзяцей. У войску начальства не зразумела і не падтрымала яе выбар, але яна не шкадуе. Belsat.eu паразмаўляў з Аленай Смолдаравай.

Алена Смолдарава, былы вайсковаслужбовец СПА.
Фота: ВМ / Белсат

– Якая была прычына вашага звальнення?

– Ідэалогія, якая ў нас панавала. Я супраць гвалту. Нам казалі, што там [на пратэстных акцыях. – Belsat.eu] усе праплочаныя стаяць, алкаголікі, наркаманы. Наўпрост транслявалі дзяржаўную прапаганду.

– А як вайскоўцы да гэтага ставяцца?

– У асноўным усе за стабільнасць, трымаюцца за свае пагоны, заробак, цёплае крэсла. Для іх гэта нармальна. А ў мяне чацвёра дзяцей і я супраць гвалту. Родныя падтрымалі, можна сказаць. Калегі – канешне ж, не! Усе да пенсіі сядзяць…

Алена Смолдарава, былы вайсковаслужбовец СПА.
Фота: ВМ / Белсат

– Рапарт прынялі ў вас?

– Свой рапарт я падала 17-га жніўня, як пратэст супраць гэтай ідэалогіі. Па асабістым жаданні: «Прашу звольніць мяне з Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, бо перада мной паўстаў выбар. Я выбрала народ», – такая фармулёўка. Рапарт у мяне прынялі. Былі ў шоку, зразумела, ціснулі, каб перапісала так, як ім трэба. У студзені я заключыла кантракт, таму зараз яшчэ трэба выплаціць суму дзяржаве, паводле дамоўленасці [каля Br 6 тыс. – Belsat.eu]

– Як з гэтым дасце рады?

– Звяртаюся па падтрымку ў фонды розныя. Далей буду шукаць працу.

– Ці звольніўся таксама нехта з калегаў?

– Не магу сказаць, што на знак пратэсту дакладна, але ў нашай вайсковай частцы звольнілася 5 чалавек. З Берасця таксама жанчына звольнілася – яна наведвала акцыі. Яе з «пазорам» звольнілі…

Алена Смолдарава, былы вайсковаслужбовец СПА.
Фота: ВМ / Белсат

– Якія настроі датычна сітуацыі ў краіне пануюць у войску?

– Ёсць ідэйная падтрымка існуючага ладу. Нават групы прапагандысцкія сфармаваныя па частках. А так наагул людзі лічаць, што гэта нармальна. Шмат хто лічыць, што там [на вуліцы. – Belsat.eu] праплочаныя людзі, гэта не мае сэнсу, прапаганда пра сцяг ідзе. Не паглыбляюцца людзі ў першапачатковую гісторыю гэтага сцягу, прымаюць тое, што ім падаюць.

– Але ж СПА – гэта не міліцыя, не ўнутраныя войскі. Навошта так шчыльна там працаваць?

– Зараз СПА ў стане павышанай баегатоўнасці. Гаворка хутчэй не пра вонкавую, але пра ўнутраную пагрозу. Ведаеце, калі б нашых людзей паставілі ў ачапленне – яны напэўна б пайшлі. То бок, былі пытанні, накшталт: «Калі нас паставяць, няўжо мы маем страляць у людзей?», але наш камандзір сышоў ад іх. Канкрэтна не адказаў.

Алена Смолдарава, былы вайсковаслужбовец СПА.
Фота: ВМ / Белсат

– Агулам не шкадуеце пра свой выбар?

– Не, не шкадую.

АК belsat.eu

Стужка навінаў