Гісторыкі стварылі інтэрактыўную мапу ГУЛагу


«Інтэрактыўная мапа ГУЛагу» – гэта база звестак па гісторыі і геаграфіі папраўча-працоўных лагераў, якія дзеялі ў СССР з 1918 да 1960 года.

«Гэты праект створаны Музеем гісторыі ГУЛагу і паказвае маштаб савецкай карнай сістэмы, лагеры якой размяшчаліся па ўсёй краіне – ад Балтыйскага мора і Крыму да Чукоткі і Сахаліна. Карта адлюстроўвае, як гэтая з’ява зараджалася, паступова набірала сілу, дасягнула піка падчас Вялікай Айчыннай вайны і да 1960 года пайшла на спад», – распавядаюць стваральнікі праекту.

На мапе можна пабачыць усе ўстановы сістэмы ГУЛаг. Калі націснуць на чырвоную кропку на мапе, то адкрыецца даведка з геаграфічнымі, гістарычнымі і эканамічнымі звесткамі пра кожны аб’ект. Памеры кропак залежаць ад колькасці зняволеных, чым большая кропка, тым болей вязняў там знаходзілася.

Стваральнікі праекту кажуць, што паступова дадзеныя на мапе будуць дапаўняцца фотаздымкамі і дакументамі. Плануецца дадаць першыя лагеры на тэрыторыі РСФСР, спецлагеры ва Усходняй Нямеччыне і спецпасёлкі, у якія адпраўлялі раскулачаныя і дэпартаваныя народы. У Савецкім саюзе было каля 600 лагераў праз якія прайшло больш за 20 мільёнаў чалавек. Праз гэтыя лагеры прайшлі і сотні тысячаў беларусаў. Па дадзеных гісторыкаў толькі ў 51-годзе ў сістэме ГУЛаг утрымлівалася 96471 беларусаў. Але праз тое, што вялікая колькасць архіваў засакрэчана дагэтуль, дакладную агульную лічбу ніхто не ведае.

Праз машыну савецкага тэрору праходзілі і дзеці. Фільм «Белсату» «Лінія Сталіна на дзіцячай далоні» распавядае рэальныя гісторыі рэпрэсіяў дзетак, дае магчымасць зразумець механізм сталінскай машыны смерці і ацаніць маштабы трагедыі, якая ўнесла мільёны дзіцячых жыццяў, якія нават не сталі часткай афіцыйных статыстык.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары