Гісторыі кахання, гіпноз Гаспара Наэ і польская падборка: «Лістапад» усё роўна на вялікім экране


Міністэрства культуры можа адмяніць кінафестываль «Лістапад», але не можа прыкрыць праект «Лістапад. Калекцыя». Яго ў свой час стварылі арганізатары фэсту, то бок кампанія «Арт Карпарэйшн», каб паказваць аўтарскае кіно круглы год. Такім чынам частка са ста дваццаці фільмаў «Лістапада» будзе ўсё ж прэзентаваная – асобнымі серыямі альбо пад лагатыпам гэтага праекту.

Конкурсныя і пазаконкурсныя, дакументальныя і ігравыя карціны размяркуюцца па кінатэатральным раскладзе наступных месяцаў, а некаторыя з іх трапляюць на вялікі экран літаральна ў гэтыя дні. «Белсат» расказвае, што яшчэ можна ўхапіць у бліжэйшы час.

«Закаханы Ван Гог» Жан-Люка Аяша

Чароўная французская камедыя з доляй фантастыкі (бо ў сучаснасці тут дзейнічае рэальны Ван Гог) павучальна распавядае, як мастак Леа Мадзоці паблытаў прыярытэты і што з гэтага выйшла. Калі яго кар’ерныя справы ішлі дрэнна, ён натхніўся словамі Ван Гога пра тое, што сапраўднае каханне выклікае агіду да мастацтва, кінуў сваю дзяўчыну Элізу і з’ехаў. Праз дзесяць гадоў ён вярнуўся ўжо знакамітым мастаком і ўбачыў, як яго аўтарытэт Ван Гог сыходзіць з палатна і кідае мастацтва, каб жаніцца на Элізе.

Калі і дзе: 11 лістапада ў Falcon Club Буцік Кіно.

«Вечнае святло» Гаспара Наэ

Гаспар Наэ – гэта тыя самыя «бардак і хаос» ад кіно. Прычым не без здольнасці ўражваць, што з’яўляецца, напэўна, самым неад’емным імпэтам і ўменнем рэжысёра. З часоў, калі быў створаны эпізод згвалтавання Монікі Белучы ў падземным пераходзе, пасля якога пажыццёва баішся падземных пераходаў, нічога не змянілася. У «Вечным святле» Шарлота Генсбур і Беатрыс Даль іграюць саміх сябе – актрыс. Тут яны ўдзельнічаюць у здымках фільма пра ведзьмаў, што ўзыходзяць на касцёр, а Наэ робіць «гіпнатычнае і галюцынагеннае апусканне» у гэтую пякельную атмасферу. Прэм’ера карціны адбылася на Канскім кінафестывалі ў 2019 годзе.

Калі і дзе: 12 лістапада ў Falcon Club Буцік Кіно

Меркаванні
Фестываль «Лістапад» адмянілі, а паказы ў кінатэатрах – не. Як мінкульт плюе ў культуру
2020.11.06 22:36

«Палюбоўнікі» Ніколь Гарсія

Некалі вядучая актрыса французскага кіно Ніколь Гарсія – яна здымалася, напрыклад, у класіка Алена Рэнэ – у пэўны момант стала выступаць і ў якасці рэжысёра. Яе новы фільм «Палюбоўнікі» быў упершыню паказаны ў конкурснай праграме сёлетняга Венецыянскага кінафестывалю, які ў адрозненне ад многіх іншых падчас пандэміі ўсё ж адбыўся. Мы маем справу з яшчэ адной французскай гісторыяй кахання, дзе маладыя людзі воляю лёсу вымушаныя расстацца. Сімон паняволі становіцца злачынцам і збягае. Ліза чакае яго тры гады, урэшце выходзіць замуж і разам з мужам едзе на экзатычны востраў, дзе хаваецца, канешне, Сімон.

Калі і дзе: 12 лістапада ў Falcon Club Буцік Кіно

«Мастачка і злодзей» Беньяміна Рэе

Гэта дакументальны фільм, пра дакументальнасць якога, кажуць, хутка забываеш – столькі тут драмы, аванцюрнасці і вострасюжэтнасці. Гісторыя – рэальная: з галерэі ў Осла выкрадаюць дзве карціны чэскай мастачкі, а калі злодзея знаходзяць, яна пачынае пісаць яго партрэт і ў іх завязваюцца стасункі. Выкрадальнікам быў наркаман і злодзей-рэцыдзівіст, так што гэта гісторыя пра немагчымае каханне, а таксама – займальны дэтэктыў пра пошук выкрадзеных палотнаў. Фільм атрымаў спецыяльны прыз журы за крэатыўнае апавяданне на кінафестывалі «Сандэнс», што з’яўляецца надзейнай адзнакай якасці, і стаў адной з самых эмацыйных і захапляльных дакументальных стужак года.

Калі і дзе: 13 лістапада ў Falcon Club Буцік Кіно

Чатыры фільма ў праграме «Паслявобразы. Сучаснае польскае кіно»

Меркавалася, што гэта будзе асобная пазаконкурсная праграма «Лістапада». Назвалі яе ў гонар апошняй карціны Анджэя Вайды. Суседняй кінематаграфіі з яе сталымі поспехамі сапраўды ёсць што паказаць, напрыклад, фільм «Інтэр’ер» Марэка Лехкі пра крызісы сучасных людзей – офіснага работніка і супрацоўніцы мэрыі, якія аднойчы сустрэнуцца. Альбо «Птушыную мову» Ксаверыя Жулаўскі, дзе мова аб’ядноўвае аўтсайдараў сучаснага свету, то-бок, паводле фільма, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Тут жа «Пярэварацень» Адрыяна Панэка пра дзяцей, якія пасля вызвалення з канцлагера ў 1945 годзе вяртаюцца да нармальнага жыцця ў лесе, але праз галодных лагерных аўчарак іх выпрабаванні працягваюцца. Нарэшце, у серыю ўключаны анімацыйны фільм «Забей і пакінь гэты горад» Марыюша Вільчыньскага, дзе галоўны герой будуе свой уяўны свет з літаратурнымі героямі і персанажамі з мульцікаў, а таксама ўсё яшчэ жывымі блізкімі людзьмі.

Калі і дзе: з 25 лістапада ў кінатэатрах «Цэнтральны» і Falcon Club Буцік Кіно

«Звычайная краіна» Томаша Вольскі

Брудная работа польскіх спецслужб ды і спецслужб у прынцыпе паўстане ва ўсёй сваёй неаспрэчнай «красе» – рэжысёр без аніякіх закадравых тлумачэнняў змантаваў архіўныя дакументы, што нейкім чынам, бо ў свой час гэтыя архівы знішчаліся, засталіся з часоў камунізму. Як абшукваюць нумар у гатэлі, сочаць за людзьмі, праслухоўваюць тэлефонныя размовы, здымаюць схаванай камерай, шантажуюць сябра «Салідарнасці», якога заспелі з палюбоўніцай. Кінастужкі і аўдыёзапісы выкрываюць працу афіцэраў польскіх камуністычных службаў бяспекі ў 1960-80 гадах і паказваюць паралельны нам свет. «Звычайная краіна» павінна была ўдзельнічаць у асноўным конкурсе дакументальнага кіно «Лістапада».

Калі і дзе: пакуль невядома. Дадамо інфармацыю.

Ірэна Кацяловіч, belsat.eu

Стужка навінаў