«Гэта нармальна – біць дзіцём»? – «Ну а як жа яшчэ». У Магілёве судзілі жанчыну, якая прыйшла на марш разам з 6-гадовым дзіцём


У судзе Ленінскага раёну Магілёва 2 кастрычніка адбыўся разгляд справы Ірыны Саўчанкі, якой міліцыянты раней пагражалі праблемамі з дзіцём. У прысутнасці сяброў і знаёмых Ірыны суддзя Алена Літвіна прызнала яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыяваным масавым мерапрыемстве і пакарала штрафам у памеры 20 базавых велічыняў.

Падтрымаць дзяўчыну прыйшла вялікая грамада людзей, сярод іх і былы кандыдат на прэзідэнцтва Андрэй Дзмітрыеў.

Ірына Саўчанка і Андрэй Дзмітрыеў. Фота belsat.eu

На жаль, не ўсе жадаючыя змаглі трапіць на само паседжанне. Разгляд справы быў прызначаны на 14:00, калі будынак суду толькі адчыняецца пасля абедзеннага перапынку. У залю паспела ўвайсці каля 20 чалавек і яшчэ столькі ж чакала выраку на вуліцы.

Людзі прыйшлі падтрымаць Ірыну Саўчанку. Фота belsat.eu

Справа Ірыны адметная тым, што на жанчыну склалі цэлых 4 пратаколы аб адміністратыўных правапарушэннях за ўдзел у чатырох акцыях пратэсту. Іх не аб’ядналі ў адну справу, таму суд разглядаў толькі пратакол за марш 6 верасня. Атрымліваецца, наперадзе Ірыну яшчэ можа чакаць тры судовых паседжання.

Пры гэтым на Ірыну ціснулі ў РАУСе і пагражалі праблемамі з дзіцём. Першапачаткова міліцыя заявілася дадому Ірыны 17 верасня ў 06:20. Супрацоўнікі прапанавалі праехаць у РАУС «на 5 хвілін разам з дачкой», якой 6 год. Праўда, усё ж такі дазволілі адправіць дачку ў школу і толькі пасля ехаць у РАУС.

Ірына Саўчанка. Фота belsat.eu

У Ленінскім РАУСе падчас складання адміністратыўных пратаколаў Ірыне казалі наступнае: «Вы баіцеся і здуваецеся». Гучалі фразы накшталт «Калі не скажаце нармальна і дакладна, паедзеце ў ізалятар падумаць на 72 гадзіны». Таксама супрацоўнік міліцыі параіў Ірыне падпісацца на тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы», бо на яго думку там праўдзівая інфармацыя.

А калі пры праглядзе відэа выявілася, што 6 верасня Ірына была на мірнай акцыі пратэсту разам з непаўналетняй дачкой, пачалося самае непрыемнае.

«У нейкі момант, калі было цяжка стрымліваць слёзы, я запыталася ў міліцыянта, ці нармальна тое, што мяне зараз б’юць дзіцём. Ён адказаў: «А як вы хацелі, а як яшчэ?» – узгадвае Ірына.

Пасля РАУС «білі дзіцём» і ў аддзеле па справах непаўналетніх. Затым – у пракуратуры. Там сказалі, што «такія, як Іра, бяруць дзяцей, каб прыкрывацца імі ад міліцыі». Там жа Ірыну запэўнівалі, што ўсім удзельнікам мітынгаў плоцяць па 10 рублёў і паказвалі відэа, дзе жанчыны самі кажуць, што дзіцё – гэта шчыт. У выніку Ірыне далі падпісаць пракурорскае папярэджанне аб недапушчальнасці з’яўлення на мітынгах разам з дзіцём.

Ірына Саўчанка на судзе. Фота belsat.eu

Ірына Саўчанка абвінавачваецца ў тым, што 6 верасня ў Магілёве брала актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсце людзей, якія мелі апазіцыйную сімволіку, выкрыквалі лозунгі і хлопалі ў далоні. На відэа, якое было паказана ў якасці доказу віны, Ірына танчыць у карагодзе.

Ірына пагадзілася, што сапраўды брала ўдзел у мітынгу з мэтай выказвання незадавальнення вынікамі выбараў прэзідэнта, але віны сваёй не прызнала. Пры гэтым на плячах дзяўчыны быў бел-чырвона-белы сцяг. Пад ім Ірына нарадзілася ў 1991 годзе і таму часта бярэ яго з сабой.

Паміж суддзёй і Ірынай адбыўся наступны дыялог:

– Вы крычалі лозунгі?

– Так, крычала «Верым! Можам! Пераможам!»

– А «Жыве Беларусь?»

– Канешне, мы ж усе хочам, каб наша Беларусь жыла!

Пратаколы Ірыны Саўчанкі. Фота belsat.eu

Ірына не мела ніякіх спадзеваў, што суд яе апраўдае. Абвінаваўчы ўхіл яна заўважыла яшчэ ў РАУСе. У выніку суддзя Алена Літвіна прызнала яе вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыяваным масавым мерапрыемстве і пакарала штрафам у памеры 20 базавых велічыняў.

Вольга Васільева, belsat.eu.

Стужка навінаў