«Гэта дзіўнавата». Як Марыя Васілевіч удзельнічае ў парламенцкай кампаніі


Намер 22-гадовай «Міс Беларусь» Марыі Васілевіч балатавацца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў выклікаў вялікі рэзананс у Беларусі, стаўшы пакуль галоўнай цікавосткай сёлетняй парламенцкай кампаніі. Belsat.eu высвятляў, як Марыя Васілевіч збірае подпісы за сваю кандыдатуру і што пра гэта думаюць менчукі.

Марыя Васілевіч перамагла ў конкурсе «Міс Беларусь» у траўні 2018 году. Ужо праз два месяцы яе ўпершыню заўважылі побач з Лукашэнкам: у ліпені падчас візіту ў Бялынічы кіраўнік дзяржавы перад тэлекамерамі прапанаваў Васілевіч узначаліць калгас. Калгас Васілевіч так і не ўзначаліла, затое з таго часу стала рэгулярна з’яўляцца на публіцы з Лукашэнкам: яны разам сядзелі на хакеі і на «Славянскім базары», танчылі на навагоднім балі і г.д. Цяпер дзяўчына балатуецца па 104-й Кальварыйскай акрузе ў Менску. Ейныя апаненты – актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, дырэктар раённага «Рэмаўтадору» Генадзь Насевіч і прадстаўніца БСДП «Народная Грамада» Ілона Пракаповіч.

Аляксандр Лукашэнка танчыць з Марыяй Васілевіч. Фота: president.gov.by

Марыя Васілевіч – актыўная карыстальніца сацыяльных сетак, мае старонкі «Вконтакте», «Facebook», «Instagram». Аднак там яна не згадвае, што ідзе ў палітыку. Не было таксама адмысловых заяваў у медыя. Журналісты даведаліся пра ўдзел «Міс Беларусь» у выбарчай кампаніі са спісу зарэгістраваных ініцыятыўных групаў, апублікаванага на сайце раённай адміністрацыі. У кароткім інтэрв’ю TUT.by (гэта пакуль адзіная размова Васілевіч з журналістамі наконт удзелу ў выбарах) дзяўчына сцвярджала, што балатавацца ёй нібыта прапанавалі ў БРСМ.

«Рашэнне далося мне няпроста, але яно было свядомым і абсалютна ўзважаным», – патлумачыла яна.

Марыя Васілевіч. Фота: instagram.com/by_vasilevich

Перадвыбарчая кампанія Марыі Васілевіч максімальна непублічная. Інфармацыі пра яе пікеты ў інтэрнэце няма, на паведамленні нашых журналістаў у сацсетках яна не адказвае. Калі карэспандэнты belsat.eu падышлі да актывістаў яе каманды на пікеце ля метро «Пушкінская», тыя адразу катэгарычна заявілі: са СМІ гутарыць яны не будуць. Сама Марыя на пікет 11 верасня не прыйшла.

«Мы лічым, што Марыя можа годна прадставіць інтарэсы моладзі, – кажа адна з чальцоў ініцыятыўнай групы. – Яна прыгожая дзяўчына, вельмі добры чалавек, які ўдзельнічае ў дабрачыннай дзейнасці».

Пікет па збору подпісаў за Марыю Васілевіч. Фота: Belsat.eu

Пікет у падтрыманне «Міс Беларусь» праходзіў вельмі млява. Удзельнікі – дзве дзяўчыны і мужчына сярэдняга веку. Першымі загаварыць з мінакамі, прыцягнуць іхную ўвагу яны не спрабуюць: проста моўчкі стаяць за тумбачкай з эмблемай БРСМ.

Людзі амаль не рэагуюць на пікет. Большасць нават не паварочвае ў той бок галавы. Журналісты прастаялі побач з пікетам Васілевіч каля 50 хвілінаў і за гэты час перад партрэтам «Міс Беларусь» спыніліся толькі два чалавекі. Але і яны не паставілі подпісы за кандыдатку ў дэпутаты.

Фота: Belsat.eu

«Я бачыла яе [Васілевіч. – заўв. Belsat.eu] па тэлебачанні. Проста прыгожы твар. Мне складана асацыяваць яе з палітыкай. Дзіўна ўсё гэта», – кажа адна з жанчынаў, што праходзіць побач.

«Дзіўна» – гэта найбольш распаўсюджаная рэакцыя мінакоў на пытанне, што вы думаеце пра ўдзел у выбарах «Міс Беларусь». «Як стаўлюся да ўсяго гэтага? Ніяк. Надта яна маладая», – кажуць іншыя.

«Я наагул чалавек апалітычны, на выбары не хаджу – кажа мянчук Аляксей. – Што я думаю наконт таго, што яна заўсёды побач з Лукашэнкам? Ну гэта дзіўнавата, дзікавата. Але ж я не паліцыя нораваў».

Але некаторыя ставяцца да вылучэння Марыі Васілевіч станоўча. «А чаму б і не? Можа, я б за яе і прагаласавала», – кажа жанчына, што спынілася побач з пікетам. – Але ж я з іншай акругі, не магу падпісацца».

Мянчук Яўген разважае:

«Малайчына Марыя. Няхай ідзе ў дэпутаты. Досведу, вядома, мала. Але калі цяпер, у 22 гады пойдзе, то ў 30 нешта зразумее».

На пытанне, як ён ставіцца да таго, што Васілевіч рэгулярна з’яўляецца побач з Лукашэнкам, Яўген рэагуе спакойна: «Значыць, ведае нейкія пытанні…». Але подпісу ён таксама не пакідае.

Павел Севярынец перад пікетам па збору подпісаў за Марыю Васілевіч. Фота: Belsat.eu

Ажыўленне на пікеце наступае нечакана: актывістак заўважае сустаршыня БХД Павел Севярынец, які выпадкова праходзіў міма.

– Вам не сорамна? – адразу пытае апазіцыйны палітык. – Марыю Віктараўну рэкламуеце? Вы ведаеце хто яна і кім працуе? Служба эскорту Лукашэнкі. Паездзіла трохі з Лукашэнкам і цяпер у дэпутаты ідзе.

– Вы яе ведаеце, каб так казаць? – рэагуе адна з актывістак.

– Дзяўчаты! Пасля той працы, што ў яе, трэба хаваць твар, а не ў парламент хадзіць. Мала таго, што выбараў няма, суцэльная фальсіфікацыя, дык вы яшчэ гэта рэкламуеце. Не сорамна?

Пікет па збору подпісаў за Марыю Васілевіч. Фота: Belsat.eu

Актывісткі БРСМ у дыскусію не ўступаюць і ў хуткім часе пачынаюць згортваць пікет. Як кажуць самі дзяўчаты, пікеты ў падтрыманне Васілевіч стаяць толькі па 2 гадзіны на дзень. Але дадаюць, што наагул кампанія праходзіць «актыўна» – подпісы збіраюць таксама шляхам абыходу кватэраў.

Тым часам у сеціве ўжо з’явілася інфармацыя пра выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу падчас збору подпісаў за Марыю Васілевіч: напярэдадні блогер NEXTA апублікаваў скрыншоты перапіскі з бацькоўскага Viber-чату адной з менскіх школаў, дзе настаўніца просіць бацькоў падпісацца за «Міс Беларусь».

Мікалай Лукашэнка, Аляксандр Лукашэнка і Марыя Васілевіч. Фота: president.gov.by

Выкарыстанне адмінрэсурсу актывісткі БРСМ не каментуюць, адмаўляюцца казаць і пра колькасць сабраных подпісаў. Але дадаюць: яны вераць, што Марыя стане дэпутатам. «Мы аптымісткі», – кажуць яны.

«Я – самая паслядоўная прыхільніца байкоту». Рэпартаж з пікету Ірыны Халіп

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары