Генеральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка напісаў заяву аб звальненні. Пра гэта паведаміла яго прэс-сакратарка Ларыса Сарган на сваёй старонцы ў Facebook.
«Юры Луцэнка падпісаў заяву на імя прэзідэнта Зяленскага пра звальненне з пасады генеральнага пракурора», – заявіла яна.
У чэрвені Зяленскі ўнёс у Вярхоўную раду прадстаўленне на звальненне Луцэнкі, а таксама прасіў Раду звольніць кіраўніка МЗС Паўла Клімкіна. Генпракурор палічыў гэты крок незаконным, сказаўшы, што для яго звальнення патрабуецца заява па ўласным жаданні або недавер дэпутатаў Рады. У пачатку жніўня Луцэнка заявіў, што падасць у адстаўку з пасады, калі Вярхоўная рада дзявятага склікання пачне працу.
Пасаду генпракурора Украіны Юры Луцэнка займае з мая 2016 года. Да гэтага, з лета 2014 года, ён быў лідарам фракцыі «Блок Пятра Парашэнкі» у Вярхоўнай радзе.
КА belsat.eu, паводле РБК