Генпракуратура другі раз разгледзіць пытанне аб прыцягненні Шуневіча да адказнасці


Савет Міністраў за подпісам Астроўскай паведаміў праваабаронцу Валянціну Стэфановічу, што яго зварот у справе гамафобных выказванняў міністра ўнутраных справаў Шуневіча накіраваны ў Генеральную пракуратуру для разгляду, але ўжо з «рэзалюцыяй Намесніка Прэм’ер-міністра».

Такім чынам, Генпракуратура ўжо другі раз разгледзіць пытанне аб прыцягненні міністра ўнутраных справаў да адказнасці. Раней на зварот ПЦ «Вясна» яна адказала, што пры вывучэнні зместу інтэрв’ю Ігара Шуневіча тэлеканалу АНТ устанавіла, што міністрам было «выказана асабістае меркаванне па некаторых пытаннях».

Зварот праваабаронца Валянцін Стэфановіч накіраваў у Савет Міністраў 7 лютага пасля таго, як Генеральная пракуратура і Следчы камітэт не пабачылі падставаў для правядзення праверкі, дачы прававой ацэнкі гамафобным выказванням міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча і прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці. Праваабаронца просіць прыцягнуць міністра да дысцыплінарнай адказнасці ў сувязі з неналежным выкананнем ім заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь. У сваім звароце ён падкрэсліў, што яму адмовіла Генпракуратура, таму ён і звяртаецца ў СаўМін.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» за подпісам старшыні Алеся Бяляцкага і юрыста Валянціна Стэфановіча накіравалі заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з тым, каб гэтыя дзяржорганы правялі праверку па факце дыскрымінацыйных выказванняў міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча на тэлебачанні.

Гаворка ішла пра інтэрв’ю міністра, у якім ён выказаўся адносна грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, што належаць да супольнасці ЛГБТК+, назваўшы іх «дзіравымі».

Следчы камітэт без усялякіх лінгвістычных экспертызаў вырашыў, што ў выказваннях міністра Шуневіча няма распальвання варожасці. Мала таго, у сваім адказе СК напісаў, што «чые-небудзь меркаванні, каментары падзеяў, якія адбыліся, не з’яўляюцца падставай для правядзення праверкі ў парадку, устаноўленым КПК».

Hавiны
Праваабаронцы надалей патрабуюць прыцягнуць Шуневіча да адказнасці
2019.02.10 15:28

СК, belsat.eu

Стужка навінаў