Праваабаронцы надалей патрабуюць прыцягнуць Шуневіча да адказнасці


Пасля таго, як Генеральная пракуратура і Следчы камітэт не ўгледзелі падставаў для правядзення правярання і вызначэння прававой ацэнкі гамафобным выказванням міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча і прыцягнення яго да крымінальнай адказнасці, праваабаронца Валянцін Стэфановіч звярнуўся з заявай у Савет Міністраў.

«Выказванні Ігара Шуневіча, які з’яўляецца службовай асобай, растыражываныя на дзяржаўным тэлеканале, па маім меркаванні ўяўляюць сабой нішто іншае, як падбухторванне да дыскрымінацыі, варажнечы да грамадзянаў краіны паводле дыскрымінацыйнай прыкметы – сексуальнай арыентацыі, скіраваныя на фармаванне непрыязі, пачуцця агіды, нянавісці і варожасці да прадстаўнікоў гэтай сацыяльнай групы», – адзначае ў заяве Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца просіць Савет Міністраў прыцягнуць службовую асобу да дысцыплінарнай адказнасці ў сувязі з неналежным выкананнем ім заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, а менавіта «Палажэння аб Міністры Рэспублікі Беларусь», дзе ў п. 1 зафіксавана, што адной з асноўных задачаў Міністра з’яўляецца забеспячэнне ў межах сваіх паўнамоцтваў рэалізацыі канстытуцыйных палажэнняў, правоў і інтарэсаў юрыдычных і фізічных асобаў.

Нагадаем, Праваабарончы цэнтр «Вясна» за подпісам старшыні Алеся Бяляцкага і юрыста Валянціна Стэфановіча накіравалі заявы ў Генеральную пракуратуру і Следчы камітэт з тым, каб гэтыя дзяржорганы правялі правяранне па факце дыскрымінацыйных выказванняў міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча на тэлебачанні. У заяве вялося пра інтэрв’ю міністра, у якім ён выказаўся адносна грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, што належаць да супольнасці ЛГБТК, называючы іх «дзіравымі».

Следчы камітэт без усялякіх лінгвістычных экспертызаў вырашыў, што ў выказваннях міністра Шуневіча няма распальвання варожасці. Мала таго, у сваім адказе СК напісаў, што «чые-небудзь меркаванні, каментары падзей, якія прагучалі, не з’яўляюцца падставай для правядзення правярання ў парадку, устаноўленым КПК».

Раней на зварот ПЦ «Вясна» адказала Генеральная пракуратура, якая пры вывучэнні зместу інтэрв’ю Ігара Шуневіча тэлеканалу АНТ устанавіла, што міністрам было «выказана асабістае меркаванне па некаторых пытаннях».

Hавiны
Генпракуратура не бачыць падставаў для прыцягнення да крымінальнай адказнасці кіраўніка МУС
2019.01.21 15:26

СК, belsat.eu

Стужка навінаў