У пракуратуры лічаць, што справу галоўнага інжынера МЗКТ Андрэя Галавача трэба разгледзець у судзе паўторна. Сёння ў Менскім гарадскім судзе была пададзеная апеляцыйная скарга супраць вынесенага раней апраўдальнага выраку Галавачу, які правёў у СІЗА больш за 50 месяцаў.
Як паведамляе TUT.by, нягледзячы на пратэст пракурора, папярэдні вырак пакінулі ў сіле, Галавач застанецца на волі.
Паводле Генпракуратуры, прычына, з якой патрабаваўся пераразгляд – неадпаведнасць высноваў суда фактычным абставінам справы.
Раней дзяржаўны абвінаваўца Юрый Шарснёў падчас спрэчак у судзе Першамайскага раёну Менску ён прасіў прызнаць Андрэя Галавача вінаватым і прысудзіць да 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Галавача вінавацілі ў хабарніцтве, але сведкі давалі не з’яўляліся ў суд або давалі супярэчлівыя паказанні. Пры гэтым вядома, што хаця ў Галавача нібыта і знайшлі 20 тысяч долараў, з палічным яго не затрымлівалі.
«Тая акалічнасць, што Галавач ня быў затрыманы з доказамі злачынства, не сведчыць аб яго невінаватасці, – заявіў у судзе пракурор Шарснёў.
Галавач, у сваю чаргу, быў абураны пратэстам пракуратуры. Ён настойвае, што ніколі і ніякіх дзеянняў супраць завода і дзяржавы не здзяйсняў.
Ён таксама мяркуе, што за чатыры гады ён ужо здолеў двойчы даказаць сваю невінаватасць, цалкам падтрымлівае ўсё тое, што ўжо агучваў раней на працэсах. І парыруе пракурору: ягоная дэкларацыя і дэкларацыі чальцоў сямʼі правяраліся з 1995 году, падатковая ня ўстанавіла перавышэння расходаў над даходамі.
Правяраліся і закупкі МЗКЦ, ніякіх парушэнняў не было выяўлена, і ў пацверджанне гэтаму ў крымінальнай справе ёсць цэлы том, прысвечаны тэндэрам заводу.
КА belsat.eu