«Geely» – у топ-10 паводле продажаў у Беларусі за 6 месяцаў


Беларусь перажывае бум попыту на легкавы аўтатранспарт – рынак вырас больш чым на 70 адсоткаў у першай палове 2018 года.

У топ-10 мадэляў, якія былі прададзеныя ў краіне ў студзені-чэрвені трапіў і кітайскі «Geely» беларускай зборкі.

Беларускі аўтамабільны ажыятаж

У студзені-чэрвені 2018 года ў краіне прадалі 23.196 легкавых аўтамабіляў – на 70,5 адсотка больш аўтамабіляў, чым за аналагічны перыяд мінулага году, паведаміў сайт Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі.

У параўнанні з першай паловай 2016 года – рост больш чым на 92 адсоткі. Двухзначны і нават трохзначны рост паказалі ўсе асноўныя брэнды, якія прадаюцца ў Беларусі.

«Geely Atlas». Фота з сайту «Belgee»

Лідарам рынка застаўся французскі Renault, продажы якога выраслі на 30 адсоткаў да 5.845 машын. Далей ідуць LADA, Volkswagen, Nissan, Kia, Škoda, Hyundai, GAZ, Geely і Ford.

Сярод мадэляў першынства захоўвае Volkswagen Polo – 2.194 аўтамабіля.

У той жа час на суседнім расейскім рынку продажы за першыя 6 месяцаў года выраслі на 18,2 адсотка. Лідар рынка – LADA.

«Geely» набірае абароты

За першую палову 2018 года продажы беларуска-кітайскіх аўтамабіляў «Geely» склалі 810 адзінак. Пры гэтым продажы кітайскага брэнда за аналагічны перыяд мінулага года – толькі 197 машын.

Афіцыйны вытворца «Geely» у Беларусі – кампанія «Belgee». Адкрыццё заводу адбылося ў лістападзе 2017 года паміж Барысавам і Жодзіна. Працуе на заводзе 700 чалавек. Магутнасці выпуску – да 60.000 аўтамабіляў у год.

Цэх па зборцы аўтамабіляў «Geely». Фота з сайту «Belgee»

Верагодна, на продажы беларускіх «Geely» паўплывалі праграмы льготнага крэдытавання, якія былі ўведзеныя беларускімі банкамі – вельмі нізкія адсоткі (каля 2% гадавых) з’яўляюцца стымулам купляць малавядомы беларусам азіяцкі аўтамабіль па кошце машыны еўрапейскага брэнда.

На пабудову заводу, які зараз выпускае машыны з 70-адсоткавай доляй кітайскіх камплектуючых, Беларусь узяла ў Кітая крэдыт на $160 мільёнаў. Кітайцы ўклалі $90 мільёнаў.

Большасць акцый кампаніі – 55,5 адсотка – належыць БелАЗу.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары