Гарвыканкам просіць магілёўцаў прыбраць горад пасля зімы


Гарадскія суполкі Магілёва заваленыя здымкамі смецця на вуліцах гораду: папера, пластык, шкло ляжыць нават побач са сметніцамі ў цэнтры. А што казаць пра тыя месцы, якія больш-менш схаваныя ад вачэй мінакоў, – паркі, лясныя масівы і проста пляцоўкі ў дварах. Адным словам – бруд.

Хутка з’явілася рэакцыя ўладаў на кучы смецця. Сёння Магілёўскі гарвыканкам заклікаў жыхароў далучыцца да прыбірання гораду пасля зімы:

«Пераканаўча просім жыхароў прыватнага сектару ўзяць самы актыўны ўдзел у прыбіранні ад смецця прысядзібных участкаў, звярніце ўвагу на рамонт і афарбоўку платоў, фасадаў жылых дамоў, азеляненне прылеглых тэрыторыяў. Прыбіраючы вуліцы і двары нашага гораду, мы падаем выдатны прыклад нашым дзецям, выхоўваючы ў іх любоў да парадку і беражлівае стаўленне да роднага Магілёва», – напісана на сайце ведамства.

«Абрэзалі галінкі яшчэ ў пачатку лютага, У выніку ўтварылася вось такая сметніца», – піша Ганна Імотава ў суполцы Магілёў LIVE

Не па загадзе зверху, а з уласнай ініцыятывы жыхарка Магілёва Кацярына Верас штосезон выходзіць на суботнік у Пячэрскі лесапарк. І гэтаю вясною дзяўчына не змагла прайсці міма і ўстрымацца ад каментара:

«Кожную вясну і восень ініцыятыва «Захаваем Пячэрскі лесапарк» арганізуе суботнікі для прыбірання тэрыторыі Пячэрскага лесапарку і берагавой лініі. Але, як паказала практыка, кучы смецця зноў узнікаюць там, дзе і былі, бо «святое месца пустым не бывае»! Што мы робім не так? Чаму мы так упарта не хочам жыць лепш і пачаць з простага? Прырода – гэта аснова нашага жыцця, аснова ўсяго!.. Яшчэ і гэтыя «вясёлыя» надпісы на пачках цыгарэтаў. Раней проста смецце на зямлі ляжала, а цяпер – «рак лёгкіх», «інсульт», «неданошанасць» і г. д. Прыбіраць даводзіцца! Магчыма, «неданошанасць» і «слепата» – гэта і ёсць прычыны таго, што адбываецца…»

Паводле папярэдняй інфармацыі агульнагарадскі суботнік у Магілёве запланавалі на 13 красавіка.

А для тых, хто яшчэ не ведае, у праблемах прыбірання дваравой ці агульнагарадской тэрыторыі можна звяртацца ў сэрвіс 115.бел. Фатаграфуеце праблему, знаходзіце на сайце 115.бел свой горад і далучаеце здымак з апісаннем сітуацыі ў адпаведную графу. Камунальныя службы па атрыманні вашай заяўкі мусяць разабрацца з праблемаю.

Вольга Васільева belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары