Гарадзенскі ўніверсітэт заклікае абітурыентаў рыхтавацца да ЦТ онлайн


Падрыхтавацца да цэнтралiзаванага тэставання ў рэжыме онлайн прапануюць абітурыентам у Гарадзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, паведамляецца на афіцыйным сайце ўстановы.

Ва ўніверсітэце распачаўся марафон прафарыентацыйных онлайн-мерапрыемстваў. Самым папулярным інструментам камунікацыі сёння стала праца ў сацсетках.

«Ад 16 красавіка ў Instagram факультэту давузаўскай падрыхтоўкі будуць размешчаны міні-ролікі па прадметах цэнтралізаванага тэставання. Выкладчыкі прапануюць задачы па канкрэтнай тэме ЦТ, пасля чаго абітурыенты змогуць паглядзець ролік з цікавымі ідэямі па рашэнні заданняў», – гаворыцца ў паведамленні.

Актуалізаваць свае веды і разабраць тэставыя заданні будучыя абітурыенты змогуць і падчас вэбінараў «Да поспеху на ЦТ-міні». Заняткі па матэматыцы стартуюць 20 красавіка, па гісторыі Беларусі – 27 красавіка.

Таксама ўсе ахвотныя змогуць прыняць удзел у онлайн-акцыі «Выберы спецыяльнасць па сертыфікатах». Для гэтага трэба вызначыць прадметы, па якіх абітурыент плануе здаваць ЦТ. Пасля гэтага праграма прапануе яму спецыяльнасці ў Гарадзенскім універсітэце, для паступлення на якія неабходна здаць ЦТ па выбраных прадметах.

Дыстанцыйныя мерапрыемствы праходзяць цяпер на ўсіх факультэтах. Абітурыентаў запрашаюць на віртуальныя экскурсіі і сустрэчы, праводзяцца дыстанцыйныя алімпіяды, кансультацыі і прамыя эфіры, працуюць тэлефонныя лініі і інфармацыйна-даведачныя службы.

КА belsat.eu

Стужка навінаў