Гарадзенец спыніў снегаўборачныя МАЗы, каб высветліць, чаму яго аблілі брудам


Юрый з Горадні ішоў ва ўніверсітэт, яго абліло хваляй бруднага снегу з-пад аднаго з МАЗаў, які займаўся ўборкай праезнай часткі.

«Машыны камунальнікаў суправаджаў Chrysler спецпадраздзялення ДАІ, – распавёў малады чалавек autogrodno.by. – Снег адлятаў досыць далёка. Я адышоў ад дарогі яшчэ далей. Думаў, яшчэ туфлі заляпае. А абліло з галавой».

Паводле словаў Юрыя, уздоўж дарогі былі прыпаркаваны аўтамабілі, таму калона МАЗаў іх аб’язджала і знаходзілася далёка. Шэраг аўто скончыўся, і калона ссунулася да краю дарогі, як раз да Юрыя.

«Раптам хваляй бруду мяне абліло з ног да галавы. Мала таго, сіла ўдару была такой, што я не выстаяў на нагах, упаў проста ў гурбу. Я спрабаваў услед махаць рукамі, але безвынікова», – узгадвае гарадзенец.

«Пазней убачыў, што калона разгарнулася і рухаецца назад. Я да іх! – працягвае студэнт. – Спыніў гэты караван – і рушыў адразу да аўта «Дэльты«, які яго суправаджаў. Зразумела, што засмучаны быў і злаваўся вельмі. Супрацоўнікі »Дэльты« паспачувалі, але сказалі, маўляў, мы там ужо нічога не бачым».

Яны яшчэ спрабавалі нешта праясніць, але паколькі быў заблакаваны кірунак, ззаду пачаў збірацца корак, а кіроўцы – сігналіць, таму Юрый пайшоў далей.

Малады чалавек адправіўся ў будынак універсітэта і датэлефанаваўся ў 102.

«На сярэдзіне іспыту ў кабінет зайшоў вахцёр у суправаджэнні супрацоўнікаў ДАІ, – распавёў фінал гісторыі хлопец. – Аказваецца, у мяне было прапушчана каля 15 званкоў ад іх. Я выйшаў у калідор. А яны перш за ўсё спыталі нумар аўтамабіля, які мяне абліў брудам. І тут я зусім раззлаваўся: «Вы мне прапануеце праводзіць вышуковыя мерапрыемствы?» Дамовіўся сустрэцца з супрацоўнікамі пасля іспыту. Напісаў тлумачальную запіску. Што б ні было па выніку, спадзяюся, кіроўцы снегаўборачнай тэхнікі будуць больш уважліва ставіцца да пешаходаў».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў