Гандляры смерцю. Як рэжым сацыялістаў у Венесуэле зарабляе на наркотыках


Наркотыкі і Паўднёвая Амерыка – тэма старая, якая пачалася яшчэ да Калумба. У свой час наркотыкамі тут гандлявалі і проста злачынныя групоўкі, і рознага кшталту паўстанцы, і ўрадоўцы-карупцыянеры. Выключэннем у гэтым шэрагу выглядае хіба што сучасная Венесуэла, якая застаецца пад уладай левых папулістаў, спачатку Уга Чавэса, а потым Нікаляса Мадура. Менавіта Чавэса і Мадура вінавацяць у тым, што яны зрабілі кантрабанду наркотыкаў важным складнікам падтрымання сваёй асабістай улады.

Хаўрус з калумбійскімі нарка-бальшавікамі

Уга Чавес прыйшоў да ўлады ў 2002 годзе пад лозунгамі выпраўлення сацыяльнай няроўнасці, пасля чаго пачаў сацыялістычныя рэформы ў краіне, якія хутчэй нагадвалі рэйдарскія захопы чужой уласнасці. Часова палажэнне насельніцтва палепшылася – тым больш, што гэта супала з рэкордна высокімі коштамі на нафту, а Венесуэла тады была адным лідараў па здабычы нафты ў свеце.

Мапа пералётаў асобаў, якіх ЗША падазрае ў кантрабандзе наркотыкаў, з Венесуэлы ў 2010 годзе. Крыніца – Паўднёвае Камандаванне Узброеных Сіл ЗША

Аднак вельмі хутка ў краіне пачаўся востры эканамічны і фінансавы крызіс – неэфектыўная і карумпаваная ўлада «чавістаў» выклікала рэкордную інфляцыю, падзенне прамысловасці і здабычы нафты, дэфіцыт і літаральны голад. Адначасова з ростам эканамічнай нестабільнасці эпідэмічна расла злачыннасць, у тым ліку арганізаваная. У 2012 годзе ў краіне з 31-мільённым насельніцтвам кожныя паўгадзіны гінуў чалавек у сувязі з наркотыкамі ці дзеяннямі арганізаванай злачыннасці.

Дыёсдада Кабелла і Нікаляс Мадура. Фота Cancillería del Ecuador

Па меркаванні назіральнікаў, такіх як International Crisis Group, улады часта закрывалі вочы ў тым ліку таму, што Чавес афіцыйна выказваўся на падтрыманне баевікоў калумбійскай левай групоўкі FARC, якая ваявала супраць ураду, зарабляючы грошы кантрабандай наркотыкаў і выкраданнем людзей. Словы з трыбуны пераўтвараліся ў неафіцыйныя сувязі венесуэльскіх сілавікоў і ўрадоўцаў з FARC, а сам квазідзяржаўны наркабізнес стымуляваў і венесуэльскую арганізаваную злачыннасць.

У 2015 годзе былы целаахоўнік Чавеса Лімсі Салазар распавёў, што Чавес сустракаўся з кіраўніцтвам камуністычнай тэрарыстычнай групоўкі ў 2007 годзе. Пры гэтым была створаная сістэма, у якой FARC перадавалі ўраду Венесуэлы наркотыкі, а атрымлівалі грошы і зброю для вайны супраць ураду Калумбіі.

Смерць дзяржавы?

Некаторыя спецыялісты па Венесуэле лічаць, што пры спадкаемцы Чавеса Мадуры ўжо існуе не дзяржава, а хутчэй вялікі наркакартэль, які замаскаваны пад дзяржаву. Яны паказваюць на другога чалавека ва ўладзе – Дыёсдада Кабелла (Diosdado Cabello), віцэ-прэзідэнта Абʼяднанай сацыялістычнай партыі і кіраўніка Канстытуцыйнай Ассамблеі.

Пляменнікі Нікаляса Мадуры арыштаваныя за кантрабанду наркотыкаў у 2015 годзе. Фота U.S. Attorneyʼs Office Manhattan

Менавіта Кабеллу называюць кіраўніком усіх наркатычных праектаў «чавістаў», сведчыць кніга гішпанскага журналіста Эмілія Бласка, якая пабудаваная на сведчаннях былых венесуэльскіх урадоўцаў. Ён жа лічыцца галоўным у так званым «Картэлі Сонцаў» (Cartel de los Soles), які абʼядноўвае ўплывовых венесуэльскіх сілавікоў і ўрадоўцаў. Грошы, якія атрымліваліся ад гандлю наркотыкамі, раздаваліся афіцэрам і генералам для замацавання іхнай палітычнай вернасці Чавесу і Мадуры.

Гэтак, у верасні 2013 года ў аэрапорце Шарля дэ Голя ў Парыжы была перахопленая 31 торба, якую везлі афіцэры Нацыянальнай гвардыі Венесуэлы. У торбах было 1,3 тоны какаіну. У 2014 годзе афіцэр Нацыянальнай гвардыі Венесуэлы быў арыштаваны ў Іспаніі – у яго знайшлі 554 кілаграма какаіну. Кошт 1 грама какаіну ў ЗША – каля 100 долараў.

10 лістапада 2015 года Адміністрацыя па барацьбе з наркотыкамі ЗША арыштавала сваякоў Нікаляса Мадуры з 800 кілаграмамі какаіну, якія тыя спрабавалі ўвезці ў ЗША. Сваякі Мадуры атрымалі па 18 год турмы, аднак пазней 2 сведкаў, якія давалі паказанні супраць сваякоў Мадуры, былі забітыя.

Марыя Чавес з бацькам.
Фота: gabychvz/Instagram

Лічыцца, што толькі дзяржаўных грошаў урады Чавеса і Мадуры раскралі больш $300 мільярдаў. Мільярдамі ацэньваецца абʼем наркагандлю. Цяпер самай багатай жанчынай у Венесуэле лічыцца дачка Чавеса Марыя, багацце якой ацэньваецца ў 4,2 мільярда долараў.

А сын Мадуры Нікаляс Гера не толькі займае высокія пасты ва ўрадзе, але і патрапіў на відэа, дзе яго закідваюць дажджом з долараў.

Пры гэтым на вольным рынку курс венесуэльскага балівара з 2010 па студзень 2018 год вырас з 10 балівараў за долар да 100 тысяч балівараў за долар, а ў 2018 годзе ўжо стаў каштаваць мільёны.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў