Ганьба Фазэля, «запісы» Карпянкова і галадаванне Лосіка – тыдзень у малюнках


Гэта быў яскравы тыдзень. Шмат з якіх навінаў мы не зможам ніколі забыць. Мастак Дэ Лёс узгадвае мінулыя падзеі і дзеліцца ўласным поглядам на іх.

Ганьба Фазэля

11 студзеня да Лукашэнкі завітаў кіраўнік Міжнароднай федэрацыі. Рэнэ Фазэль прыляцеў у Менск абмеркаваць сітуацыю, якая адбываецца ў Беларусі, а таксама магчымасці правядзення чэмпіянату свету. Лукашэнка атрымаў сваю гадзіну славы, Фазэль – тыдзень ганьбы. Але ж 18 студзеня дакладна стала вядома, што ЧС па хакеі ў Беларусі не будзе.

Малюнак: Дэ Лёс

Яшчэ адна крыміналка на журналіста

Вядомага журналіста і медыяменеджара Андрэя Аляксандрава затрымалі 12 студзеня. Амаль суткі пра яго месцазнаходжанне нічога не было вядома. Высветлілася, што на Аляксандрава і ягоную дзяўчыну завялі крымінальную справу. МУС абвінаваціў іх у аплаце штрафаў пратэстоўцам. Беларусы даведваюцца пра ўсё большую разнастайнасць злачынстваў згодна з сённяшняй юрыдычнай практыкай.

Малюнак: Дэ Лёс

Развітанне з Філарэтам

12 студзеня памёр праваслаўны мітрапаліт Філарэт – ганаровы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. У 1978 годзе Філарэт быў прызначаны мітрапалітам Менскім і Беларускім. Кіраўніком Праваслаўнай царквы ў Беларусі ён заставаўся да 2013 года. Эксперты кажуць, што мітрапаліт Філарэт быў адной з самых значных хрысціянскіх асобаў ХХ стагоддзя не толькі ў Беларусі, але і ў свеце.

Малюнак: Дэ Лёс

Чуткі пра адстаўку старшыні Нацбанку

На мінулым тыдні абвастрыліся чуткі пра магчымую адстаўку старшыні праўлення Нацыянальнага банку Паўла Калаўра. Лічыцца, што адстаўка будзе адназначным сігналам, што неўзабаве ўлады пачнуць друкаваць грошы. Аднак эксперты лічаць, што гэта можа адбыцца і без адстаўкі кіраўніка Нацбанку. Бо ў нас усё вырашаюць загады, а не законы, у тым ліку, законы эканомікі.

Малюнак: Дэ Лёс

Запісы Карпянкова

На мінулым тыдні «ByPol» апублікаваў запіс голасу, падобнага да экс-кіраўніка ГУБАЗіКу, а сёння намесніка міністра ўнутраных справаў Мікалая Карпянкова. З аўдыё мы даведваемся, што па пратэстоўцах можна страляць, нават у твар, «і абавязкова з газам», што ўлады больш не будуць стрымліваць сябе («каб мы не выглядалі як ізгоі») і нават рыхтуюць канцэнтрацыйны лагер для палітычна нелаяльных грамадзянаў – пад Івацэвічамі, на базе калоніі «Воўчыя норы».

Малюнак: Дэ Лёс

35 дзён галадавання

Ігар Лосік – вядомы блогер. За кратамі ён больш за 200 дзён. Ігар актыўна асвятляў падзеі сёлетніх выбараў прэзідэнта Беларусі. Яго звінавацілі ў падрыхтоўцы масавых закалотаў. Абвінавачванні яму выглядаюць абсурднымі. Дома Ігара чакае жонка і маленькая дачка. Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязнем. Ужо 35 дзён ён трымае галадоўку. Гэта крок адчаю, але іншых інструментаў у вязня няма.

Малюнак: Дэ Лёс

Маразы зімою

Амаль 30-градусныя маразы – даволі нечаканая з’ява ў сучаснай Беларусі. І яны прынеслі шмат незручнасцей беларусам. Але і штосьці чароўнае ў такой зіме ёсць.

Малюнак: Дэ Лёс

AB, belsat.eu

Стужка навінаў