Фрау бундэсвэр. Інтэрв’ю з жанчынай-вайскоўцам з Нямеччыны


Карэспандэнтка «Белсату» наведала бундэсвэраўскія казармы і даведалася, чым вайсковая служба прыцягвае жанчын.

Бундэсвэр сёлета святкуе 15 гадоў з таго часу, як нямецкім жанчынам дазволілі несці вайсковую службу са зброяй у руках. Сёння амаль кожны дзясяты прафесійны вайсковец у Нямеччыне – жанчына. У Берліне мы размаўляем з адною з іх – капітанам Маньяй Вольвэбэр.

«Белсат»: Добры дзень, спадарыня Вольвэбэр! Ці служба ў арміі была вашаю дзіцячаю мараю?

Манья Вольвэбэр: Хутчэй гэтак проста склалася. Я вырасла ў сям’і вайскоўца, мой тата быў вайсковец, брат быў вайсковец, і гэта было для мяне нармальна – бачыць, як яны раніцаю ва ўніформе выходзяць з хаты на працу. Калі прыйшоў час выбіраць прафесію, мне было цікава гэтаксама паспрабаваць сябе ў войску. Мне падабаўся выклік, які я бачыла ў гэтай прафесіі. Быць вайскоўцам – гэта нешта надзвычайнае, і я разумела, што гэта вялікі выклік, што будуць вялікія фізічныя нагрузкі, трэба ўмець весці за сабою людзей і браць на сябе адказнасць. Я хацела даведацца, ці я спраўлюся. Гэта ўсё моцна прыцягвала мяне, таму я пайшла ў бундэсвэр.

«Белсат»: Ці існуюць нейкія абмежаванні для жанчын у бундэсвэры, ці наадварот жанчынам больш дапамагаюць?

Манья Вольвэбэр: У нас шмат жанчынафіцэраў, але пакуль што толькі адна жанчына-генерал. Яна адносіцца да санітарнай службы. Яна яшчэ адна толькі таму, што пакуль прайшло мала часу, каб жанчына магла даслужыцца да генерала, бо мы тут маем жанчын на роўнай службе з мужчынамі толькі з 2001 года. За гэты час немагчыма было паспець зрабіць такую вайсковую кар’еру, але шляхі для гэтага жанчынам адкрытыя і генералам можна стаць.

Мы носім аднолькавую паклажу, мы маем аднолькавыя спартовыя нарматывы, і, хоць ёсць невялікія адрозненні ў працэсе ацэнкі, дасягненні мы мусім паказваць такія ж. Патрабаванні да ўсіх ідэнтычныя.

«Белсат»: Вы хочаце стаць жанчынаю-генералам?

Манья Вольвэбэр: Гэта не для мяне, бо, калі плануеш такую вялікую кар’еру, трэба разлічваць на тое, што прыватнае жыццё трэба будзе вельмі моцна абмяжоўваць. Гэта як і ў любой другой вобласці, напрыклад, у эканамічнай, дзе трэба шмат бываць у раз’ездах, а мне асабіста сям’я важнейшая. Але добра тое, што бундэсвэр дае магчымасць развіцця з рознымі ўяўленнямі пра сваю кар’еру і кожная або кожны можа выбіраць сам, наколькі далёка хоча ісці у вайсковай кар’еры.

«Белсат»: Як адбываецца ў Нямеччыне сямейнае планаванне ў жанчынвайскоўцаў? Ці ёсць нейкія асаблівасці, калі жанчына выходзіць замуж, цяжарае, заводзіць дзяцей?

Манья Вольвэбэр: Тут дзеюць тыя самыя законы, што і для кожнага працадаўцы ў Нямеччыне. Калі мы цяжараем, нас вызваляюць ад службы, пакуль што з гэтым не бывала праблемаў, і ўвогуле можна сказаць, што армія стала больш прыязнаю да сем’яў. Пры казармах ёсць, напрыклад, садочкі. Гэта значыць, што дзеці разглядаюцца не толькі як жаночая справа. Патрабаванні мужчынаў сёння гэтаксама змяняюцца. Нямецкія мужчыны хочуць больш часу праводзіць з сям’ёй, а дэкрэтны адпачынак усё больш папулярны сярод татаў. Таму можна сказаць, што бундэсвэр проста дапасоўваецца не проста да жанчын, але і да ўсіх вайскоўцаў, якія хочуць спалучаць кар’еру і сям’ю.

«Белсат»: З нядаўняга часу міністр абароны Нямеччыны жанчына – спадарыня фон дэр Ляен. Як вы адносіцеся да ейнай палітыкі?

Манья Вольвэбэр: Я асабіста вельмі задаволеная Урсуляю фон дэр Ляен. Яна ўжо шмат змяніла і добрага зрабіла. Пакуль што трэба пачакаць, як яна будзе працаваць далей, але яе пачынанні ўжо вельмі трапныя. Натуральна, калі яна толькі заступіла на сваю пасаду, калі стала вядома, што ў нас будзе жанчына-міністр, медыі яе высмейвалі. Да яе паставіліся даволі крытычна. Усе ставілі сабе пытанне, ці яна ўвогуле справіцца, ці зможа. Але, я думаю, яна вельмі хутка даказала сваю прыдатнасць і тое, што яна ведае, што робіць. I крытычныя галасы даволі хутка сціхлі.

Жанна Кромер, belsat.eu

Стужка навінаў