Фітнэс, ёга і танцы: як не растаўсцець падчас каранціну?

Тры спосабы выйсці з эпідэміі здаровымі і не растаўсцець у самаізаляцыі. «Белсат» здабыў парады ад прафесіяналаў і спасылкі на онлайн-заняткі на любы густ! Да таго ж займацца можаце ў групе ў рэжыме LIVE

Пандэмія каронавірусу спыніла звычайны лад жыцця, абмежавала фізічную актыўнасць. Больш часу праводзім дома, дзе колькасць нашых крокаў абмяжоўваецца паходам на кухню па чарговую порцыю ежы. Спосаб «менш есці» пасуе не ўсім. Тады – трэнавацца!

«Дома не зручна» – адгаворка

Павел Аракелян, скрыншот з роліку ў сацыяльнай сетцы
Для выкананні большасці фізічных практыкаванняў не патрэбна ні шмат месца, ні адмысловых прыладаў. Але патрэбнае вашае рашэнне і вашае цела! Музыка і фітнэс-інструктар Павал Аракелян раіць займацца ў адзін і той жа час, утульны для вашага арганізму. Пажадана займацца ўсёй сям’ёй і на час трэнавання адключыць інтэрнэт і мабільнік.
«Не душыцца ў пакоі – адчыніць на час заняткаў вакно і дыхаць свежым паветрам. Уважліва разагрэцца, зрабіць размінку ўсіх ставаў. Сачыць за пульсам – калі не ўмееце лічыць пульс, то звяртайце ўвагу на свой стан, вы мусіце крыху задыхацца, але ў той жа час магчы звязна размаўляць. Давайце цягліцам адпачыць і не даводзьце іх да стану, калі яны нямеюць ад стомы. Прыемнае пацягванне – вось патрэбнае адчуванне. Пасля заняткаў прынамсі гадзіну не завальвайцеся на канапу перад тэлевізарам з пакункам чыпсаў, залітых шакаладным марозівам».
Не трэнуйцеся на поўны страўнік, як і на галодны, аптымальны варыянт – 1,5-2 гадзіны пасля ежы. Але галоўнае – рэгулярнасць заняткаў, падкрэслівае фітнэс-інструктар. На ягоным канале выстаўленая Домашняя тренировка в условиях самоизоляции! – трэнаванне, якое можна правесці з мінімальнай колькасцю падручных сродкаў.
Юлія, фота з ейнага профілю ў сацыяльнай сетцы
У сеціве безліч трэнінгаў на любы густ. Аматарка хатніх заняткаў фітнэсам Юлія з Берасцейшчыны дзеліцца спасылкаю на адзін з улюбёных youtube-каналаў забойцаў лішняе вагі:
«Я спраўдзіла на сабе 200-300 розных трэніровак. У цяперашняй сітуацыі раю гэты канал, бо там шмат дынамічных высокаэфектыўных трэніровак на спальванне тлушчу – да 600 кКалорыяў цягам 30-45 хв. Тое што трэба ў дні, калі злоўжываеш «ежаю стрэсу» ці вугляводамі. Паўгадзіны перад трэнінгам – выпівайце хаця б 300 мл вады з цытрынкаю. Пасля заняткаў – ня ежце прынамсі гадзіну. Вынікі адчуеце ўжо назаўтра».
Найлепш матывуюць для рэгулярных заняткаў анлайн-трансляцыі. Дысцыплінуе праца з целам у рэальным часе разам з іншымі людзьмі. Эфект прысутнасці дазваляе абменьвацца каментарамі, усмешкамі, задаваць пытанні па тэхніцы выканання. Некаторыя фітнэс-студыі ў сувязі з эпідэміяй каронавірусу ладзяць такія заняткі бясплатна.

ТОП-3 бясплатных супольных онлайн-трэнінгаў

Фітнэс-трэнінгі праз Інстаграм з Наталляй Байцовай з Казахскага Кастанаю. У панядзелак, сераду і пятніцу а 16-й паводле беларускага часу. Трэнінг працягваецца каля гадзіны. Ёсць і адмысловыя заняткі для цяжарных.
Фота Fiestaladies, сучасныя танцы

Ёга і адначасова і заняткі польскай мовы, як любім – бясплатна – у варшаўскай студыі «Jogart Szkoła Jogi Na Mokotowie». Заняткі працягласцю гадзіну-паўтары адбываюцца раніцай, ад 8-й паводле беларускага часу, штодня іх праводзіць іншы інструктар. Займацца могуць пачаткоўцы і прасунутыя – для кожнага у свой час.

Для тых, хто любіць танчыць – кіеўская школа сучаснага танцу «Fiestaladies» тры разы на тыдзень ладзіць онлайн-заняткі – стрэчынг, сілавыя практыкаванні і танцавальныя звязкі. Па аўторках і чацвяргах а 20:00, у нядзелю а 19:00.

Дома не зручна – толькі адгаворка!

Ірына Дарафейчук Belsat.eu

Глядзі таксама

Hавiны