Фестываль «Салідарныя з Беларуссю» прайшоў у апошні раз. Вось што кажуць музыкі, якія на ім выступілі


Юрый Стыльскі з «Дай дарогу!»: «Музыка можа дапамагчы палітычным зменам у адсотках, мабыць, дзесяці». Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

«Лукашэнка кіруе Беларуссю 25 гадоў, ініцыятыва «Вольная Беларусь» арганізуе канцэрты 13 гадоў. Нічога не змяняецца. На ўсходзе без пераменаў», – запрашалі арганізатары на апошні канцэрт з цыклу «Салідарныя з Беларуссю», які прайшоў у суботу ў клубе «Малая Варшава».

На сёлетнюю імпрэзу запрасілі «Дай дарогу!» і «Петлю пристрастия», а таксама ўкраінскую спявачку «daKooka» ды гурт «Alles» з Лодзі.

Марцін Рэгуцкі і Павэл Стшэлец з апошняга калектыву ў размове з «Белсатам» прызналіся, што пачулі пры фестываль упершыню, калі ім напісалі арганізатары.

«Мы спраўдзілі, хто граў раней, як гэта выглядала – і здзівіліся (здзіўленыя мы і дагэтуль), што гэта апошні канцэрт. Чаму гэта апошні канцэрт, калі сітуацыя ўвогуле не змянілася?» – пытаюцца музыкі.

Павэл Стшэлец з дуэту «Alles» падчас канцэрту «Салідарныя з Беларуссю» у клубе «Малая Варшава». 26 кастрычніка 2019 года. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Спадзяванне, што музыкай нібыта можна перамагчы рэжым Лукашэнкі – толькі словы, кажуць яны.

«Калісьці польскі гурт «Guernica y Luno» спяваў, што «песнямі не выдрапаеш вочы, тэкстам не вылечыш хваробы», – дадае Стшэлец.

Лідар «Дай дарогу!» Юрый Стыльскі адводзіць ролі падобных канцэртаў у перамозе над рэжымам «адсоткаў, можа, дзесяць».

«Магчыма, яна неяк падмацуе дух, і людзі ўздужаюць і будуць крыху весялейшымі, – кажа Стыльскі. – Адчуваецца, што тут, у Польшчы, большы дух свабоды, іншыя ўмовы, няма межаў».

Юрый Стыльскі (ляжыць) і група «Дай дарогу!» фатаграфуюцца на памяць з наведнікамі канцэрту «Салідарныя з Беларуссю» ў Варшаве. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Лідар «Петли пристрастия» Ілля Чарапко-Самахвалаў не пагаджаецца, што ў нашай краіне нічога не мяняецца.

«Перамены заўважныя, і ёсць у мяне падазрэнні, што далёка не ў лепшы бок. Сказаць, што сітуацыя знаходзіцца ў стагнацыі, не магу. Ёсць пэўная колькасць прыкметаў, якія прымушаюць паразважаць над тым, што адбываецца. Мова вядзецца аб магчымай мяккай анексіі дзяржавы і магчымай страце дзяржаўнасці як такой. Я спадзяюся, гэта ілжывае прадчуванне, але яно ёсць», – кажа музыка.

На думку Чарапко-Самахвалава, музыка можа мяняць людзей знутры – дзеючы непасрэдна на кожнага слухача.

«Напрыклад, музыка можа ўратаваць чалавека ад самазабойства. Прабачце, што бяру самую радыкальную ступень. Але былі прыклады, калі да нас падыходзілі людзі і казалі нам пра гэта. І гэта вартае дарагога. Калі чалавек не забіў сябе, ён можа далей існаваць як адзінка – у тым ліку, як адзінка грамадзянскай супольнасці, нацыі, грамадства Рэспублікі Беларусь».

26 кастрычніка 2019 года. Музыка Ілля Чарапко-Самахвалаў паабяцаў перад канцэртам, што арганізатары не пашкадуюць аб тым, што запрасілі іхны гурт. «Петля пристрастия» стала адзіным калектывам, які выклікалі на біс падчас канцэрту «Салідарныя з Беларуссю». Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Пятро Дудановіч, уладальнік крамы «Модная цішотка», якая падчас канцэрту зладзіла продаж атрыбутыкі беларускіх гуртоў у фае клубу, таксама не пагаджаецца, што ў Беларусі – без зменаў.

«Бачу шмат зменаў і ў лепшы, і ў горшы бок. Кошты на піва растуць, напрыклад, – кажа Дудановіч.

На думку прадпрымальніка, «Салідарныя з Беларуссю» і «Басовішча», якое гэтаксама прайшло сёлета ў апошні раз – імпрэзы рознага характару.

«Басовішча» было больш важнае для беларускіх музыкаў. А канцэпцыя «Салідарных» – данесці цікавасць да Беларусі сярод польскіх грамадзянаў».

«Музыка можа нешта змяніць – і змяняе. Яна, напрыклад, эканамічна дапамагала беларускім сям’ям: можна было паехаць на «Басовішча» – і зрабіць закупы ў Польшчы», – дадае Дудановіч.

Наведнікі канцэрту «Салідарныя з Беларуссю» ў Варшаве. 26 кастрычніка 2019 года. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

Ініцыятыва «Вольная Беларусь» адмовіліся пракаментаваць «Белсату» закрыццё фестывалю з 13-гадовай гісторыяй.

Упершыню канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» прайшоў перад прэзідэнцкімі выбарамі 2006 года – як адказ на пераслед апазіцыі, барацьбу з медыямі і грамадскімі арганізацыямі ў Беларусі. З іншага боку, назіраючы за кампаніяй адзінага кандыдата ад апазіцыі Аляксандра Мілінкевіча, палякі паверылі, што беларусы могуць дамагчыся перамогі дэмакратыі. У Варшаве хацелі духоўна падтрымаць беларусаў, а таксама пазнаёміць самых палякаў з сучаснай беларускай культурай.

Наведнікі канцэрту «Салідарныя з Беларуссю» ў Варшаве. 26 кастрычніка 2019 года. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»
Наведніцы канцэрту «Салідарныя з Беларуссю» ў Варшаве. 26 кастрычніка 2019 года. Фота – Дзяніс Дзюба/«Белсат»

У фестывалях мінулых гадоў удзел бралі папулярныя польскія і беларускія музыкі – Кася Насоўска, Чэслаў Спева, Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч, Pomidor/OFF і іншыя. Паміж выступленнямі са сцэны гучалі прамовы Анджэя Вайды, Мацея Штура і Агнешкі Рамашэўскай-Гузы.

Глядзіце, як прайшоў канцэрт у 2013 годзе

ДД belsat.eu

Стужка навінаў