Facebook будзе збіраць інфармацыю пра геалакацыю карыстальнікаў, каб перамагчы COVID-19


Facebook запускае інструменты, якія дапамогуць навукоўцам і медыкам у барацьбе з пандэміяй COVID-19 – кампанія будзе збіраць інфармацыю аб месцазнаходжанні карыстальнікаў.

Кіраўніцтва сацыяльнай сеткі будзе перадаваць навукоўцам інфармацыю пра геалакацыю карыстальнікаў. Гэта дапаможа пралічыць верагоднасць кантактаў людзей у канкрэтным месцы і высветліць, дзе людзі знаходзяцца часцей за ўсё, і якія месцы яны наведваюць.

Дадзеныя дапамогуць стварыць індэкс сацыяльных сувязяў паміж рэгіёнамі – гэта дапаможа спрагназаваць верагоднасць распаўсюджання віруса.

Мапа сацыяльных сувязяў ЗША. Крыніца: about.fb.com

У кампаніі сцвярджаюць, што не будуць адсочваць перамяшчэнне канкрэтных людзей, а ўся перададзеная даследчыкам інфармацыя будзе ананімнай.

Заснавальнік Facebook Марк Цукерберг заявіў, што сістэма збору інфармацыі пачне дзейнічаць у ЗША на гэтым тыдні. Калі праект будзе паспяховым, то яго пашыраць і на іншыя краіны.

«Даследчыкі і чыноўнікі з аховы здароўя мяркуюць, што дадзеныя могуць дапамагчы вызначыць, як размяркоўваць рэсурсы аховы здароўя, напрыклад, апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, дзе каранцін варта зрабіць больш жорсткім і якія раёны могуць вярнуцца да працы», – напісаў Цукерберг.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў