Еўразвяз супраць Лукашэнкі. Ці прынялі новы чорны спіс?


Палітычнае рашэнне адносна трэцяга пакету санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі прынялі на ўзроўні міністраў замежных справаў. Ужо да святаў беларусы могуць пачуць назвы кампаніяў ды імёны бізнесоўцаў, што трапяць у чорны спіс Бруселю. Калі Захад пойдзе далей і ўвядзе сектаральныя эканамічныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, то як хутка ўдасца аднавіць эканоміку? Як у гэтым дапаможа Еўразвяз?

Непажаданы госць і на Алімпіядзе. Наведваць гульні Аляксандру Лукашэнку забараніў Міжнародны алімпійскі камітэт. У адказ аматар спорту прыгразіў старшыні камітэту Томасу Баху зваротам у суд.

Аляксандр Лукашэнка:

«Няхай яны, гэты Бах ды іншая банда ў МАКу, дакажуць, у чым мая віна. Што я краіну сваю абараняю? Слухайце, дык вы мяне падтрымліваеце ў гэтай палітыцы ў пераважнай большасці. Я абараняю сваю краіну, я абараняю вас. За што ж мяне там караць, каб я не прымаў удзелу ў нейкіх мерапрыемствах? Дык я 25 гадоў не прымаў. Перажыву і далей».

Што праўда, з меншым энтузіязмам ён адрэагаваў на забарону для іншых спартовых чыноўнікаў, для свайго сына – віцэ-старшыні Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Віктара Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка:

«Добра, я вораг для іх быў заўсёды. Але дзяцей вы навошта чапаеце?»

Заклік у Міжнародны алімпійскі камітэт накіравалі беларускія спартоўцы. Яны, між іншага, сутыкнуліся з рэпрэсіямі, бо пачалі адкрыта выказвацца супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту ў нашае краіне.

У Еўразвязе ж узгаднілі глабальны рэжым санкцыяў за парушэнне правоў чалавека. Новы механізм паскорыць прыняцце рашэнняў. Каб унесці прозвішчы ў санкцыйны спіс на разгляд, дастаткова голасу адной дзяржавы ЕЗ.

Hавiны
Еўразвяз ударыць па бізнесоўцах Лукашэнкі
2020.12.04 12:02

Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік Еўразвязу ў пытаннях замежнай палітыкі:

«Гэта знакавае пагадненне, першае ў сваім родзе. Яно дазволіць Еўрапейскаму Звязу пераследаваць сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека ва ўсім свеце, а не праводзіць у краінах бясконцыя дыскусіі адносна кожнага канкрэтнага выпадку».

Пакараць вызначаных асобаў змогуць без прывязкі да рэжыму, што нагадвае ўзор распрацаванага Кангрэсам ЗША «Акту Магніцкага». Раней такое рашэнне ў Еўразвязе прымалі толькі пры наяўнасці ў краіне палітычнага крызісу або небяспечнага для шырокага кола людзей канфлікту. Гэтак, цяпер для заяваў дыктатараў пра ўмяшанне ва ўнутраныя справы не будзе нават фармальнай падставы.

Каментуе Пэтэр Стана, прэс-сакратар Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі:

«Пастанова накіраваная на асобаў, якія адказныя або маюць дачыненне да парушэнняў правоў чалавека, а таксама на асобаў, звязаных з такімі людзьмі. Мы гэтак жа можам нацэльвацца як на дзяржаўныя суб’екты, гэтак і на недзяржаўныя суб’екты».

Для ўвядзення санкцыяў у дзеянне па-ранейшаму патрэбная згода ўсіх краінаў – чальцоў Еўразвязу. Менавіта нязгода Кіпру на пачатку блакавала прыняцце візавых абмежаванняў супраць беларускіх чыноўнікаў і сілавікоў. Для трэцяга ж санкцыйнага пакету – адносна фірмаў і бізнесоўцаў, звязаных з Лукашэнкам, – падставаў для занепакоенасці няма.

Пятрас Аўштравічус, спецыяльны дакладчык Еўрапарламенту ў справе Беларусі:

«Палітычнае рашэнне аб трэцім пакеце санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі прынятае. Цяпер усё на тэхнічным узроўні, на экспертным узроўні. Эксперты Еўракамісіі рыхтуюць дадатковыя спісы тых кампаніяў, якія мусяць быць туды ўключаныя».

Паводле прэс-сакратара Еўразвязу ў пытаннях замежных справаў і палітыкі бяспекі Пэтэра Стана чарговы раз да беларускага пытання ў Бруселі вернуцца, найхутчэй, у панядзелак. Пабачым жа спісы, магчыма, і да святаў, прагназуе Пятрас Аўштравічус. Да таго ж Літва не выключае магчымасці пашырыць нацыянальныя санкцыі для афіцыйных асобаў Беларусі.

Hавiны
Ці заўважылі на Захадзе контрсанкцыі Лукашэнкі?
2020.11.21 15:05

Габрыелюс Ландсбергіс, міністр замежных справаў Літвы:

«Людзі, датычныя да зверстваў, што адбываюцца на вуліцах, могуць апынуцца пад санкцыямі, і Літва ўключыць іх у спіс. Мы можам чакаць, што літоўскі нацыянальны санкцыйны спіс можа пашырыцца яшчэ больш».

Эмануэліс Зінгерыс, сябра камітэту замежных справаў Сейму Літвы:

«У нас яшчэ будуць пытанні наконт спадара Макея, які пад вялікім пытаннем у нас стаіць, на чыім ён баку, і наконт іншых вашых прадстаўнікоў, якія не былі вашымі, а чальцамі гэтае хунты. Але мы ўсё ж такі вельмі інтэнсіўна падыходзім да канчатковага афармлення нашае палітыкі».

Ударыць Еўразвяз не толькі па гаманцы бізнесоўцаў, што фінансуюць рэжым. Налета дзяржаўны сектар Беларусі застанецца без падтрымкі Еўракамісіі, Еўрапейскага банку рэканструкцыі ды развіцця ды Еўрапейскага інвестыцыйнага банку. Летась гэтыя ўстановы скіравалі ў нашую краіну каля мільярда долараў. Афіцыйны ж Менск разлічвае на павелічэнне фінансавання з Усходу – ад Еўразійскага банку развіцця. Аднак ці па віне Захаду цярпіць айчынная эканоміка?

Алесь Аляхновіч, дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях эканомікі:

«Беларуская эканоміка ўвайшла ў рэцэсію ўжо ў студзені. Гэта пачалося з энергетычнага канфлікту нафтавага і газавага з Расеяй. Потым была першая хваля каронавіруса, толькі пасля ў жніўні – выбары і масавыя пратэсты, і цяпер другая хваля каронавіруса».

Эксперт мяркуе, што нават пры ўвядзенні Еўразвязам сектаральных санкцыяў у дачыненні айчынных прадпрыемстваў аднавіць рост эканомікі пасля пераадолення палітычнага крызісу будзе магчыма максімум за год. У гэтым дапамогуць рэформы ды Еўразвяз. Па выніку перамоваў Каардынацыйнай рады Еўракамісія распрацавала план комплекснай дапамогі для Беларусі – ад фінансавай падтрымкі прыватнага бізнесу да спрыяння для ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю.

Юлія Лабанава для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Напішы журналістам
Стужка навінаў