Еўрапейскія дзяржавы заявілі, што адхіляюць любыя ўльтыматумы наконт іранскай ядравай праграмы і заклікалі Тэгеран прытрымлівацца ўмоваў пагаднення, заключанага ў 2015 годзе.
Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.
Нагадаем, 15 ліпеня 2015 года Іран і шэсць сусветных дзяржаваў (ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Германія, Кітай і Расея) дасягнулі пагаднення па іранскай ядравай праграме. Тады Тэгеран пагадзіўся часткова згарнуць праграму ўзамен на адмену санкцыяў. Аднак год таму прэзідэнт ЗША Доналд Трамп выйшаў з гэтай здзелкі, палічыўшы яе аднабаковай, і аднавіў санкцыі.
8 траўня прэзідэнт Хасан Рухані заявіў, што Іран адмаўляецца выконваць некаторыя палажэнні пагаднення, заключанага ў 2015 годзе па ядравай праграме Тэгерану. Ён прыгразіў аднавіць вытворчасць высокаўзбагачанага ўрану праз 60 дзён, калі еўрапейскія краіны не дапамогуць Ірану справіцца з наступствамі амерыканскіх санкцыяў.
9 траўня Еўразвяз і прадстаўнікі Францыі, Германіі і Вялікая Брытаніі заявілі, што ядравая здзелка з Іранам з’яўляецца «ключавым дасягненнем глабальнай арганізацыі ядравага нераспаўсюджвання», якая «адпавядае ўсім інтарэсам бяспекі». У сумеснай заяве кіраўнікі вонкавапалітычных ведамстваў заклікалі Іран устрымлівацца ад крокаў, накіраваных на абвастрэнне сітуацыі.
«Мы не прымаем любыя ўльтыматумы і будзем ацэньваць выкананне Іранам сваіх абавязкаў, звязаных з ядравай галіною, у адпаведнасці з Сумесным усёабдымным планам дзеянняў і Дагаворам аб нераспаўсюджванні ядравай зброі», – заявілі ў ЕЗ.
ІІ belsat.eu