Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) у лістападаўскім аглядзе палепшыў прагноз па росце ВУП Беларусі на 2017 год да 1,5%. А ў 2018 годзе, згодна з прагнозам банку, беларуская эканоміка вырасце на 2%.
У травеньскім аглядзе рэгіянальнай эканомікі ЕБРР прагназаваў працяг рэцэсіі ў Беларусі ў 2017 годзе на ўзроўні 0,5%, у 2018 годзе чакаў рост на 1%.
Як канстатавалі эксперты банку, эканоміка Беларусі зноў расце пасля двух гадоў рэцэсіі.
«За дзевяць месяцаў бягучага года ВУП вырас на 1,7% у гадавым вылічэнні, чаму спрыяла аднаўленне вонкавага попыту», – адзначаецца ў новым аглядзе.
Па ацэнцы ЕБРР, кароткатэрміновыя эканамічныя перспектывы краіны палепшыліся дзякуючы вырашэнню нафтагазавага канфлікту з Расеяй, аднаўленні крэдытавання Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця, а таксама паспяховаму размяшчэнні суверэнных еўрааблігацый на $ 1,4 млрд.
Адзначым, што ўрад Беларусі разлічвае на рост ВУП на 1,7% па выніках 2017 года. На 2018 год улады краіны прагназуюць рост ВУП на 3,4%.
ІІ, belsat.eu, паводле “Інтэрфакс-Захад”