Брытанскія навукоўцы памыліліся і цяпер заплацяць за гэта.
Студэнты Алекс Разэта (Alex Rossetta) і Люк Паркін (Luke Parkin) бралі ўдзел у эксперыменце Універсітэту Натумбрыі (Вялікая Брытанія), мэтай якога было даследаваць уздзеянне кафеіну на арганізм чалавека падчас фізічнай нагрузкі.
Выдадзеныя ім дозы ў сто разоў перавышалі неабходныя паводле ўмоваў эксперыменту: замест 0,3 г кафеіну яны атрымалі па 30. Такая колькасць утрымліваецца ў 300 кубках кавы, і можа прывесці да смерці. Паводле BBC, медыкам вядомыя выпадкі, калі людзі паміралі пасля прыёму 18 г кафеіну.
Хлопцам давялося праходзіць дыяліз у больніцы, яны страцілі каля 10 кілаграмаў вагі.
На судовых слуханнях у снежні ўніверсітэт прызнаў парушэнні тэхнікі бяспекі. Баронячыся, прадстаўнік ВНУ заявіў, што «працаўнікі лабараторыі былі недастаткова дасведчанымі і не рабілі гэтага эксперыменту раней». Нягледзячы на «глыбокія, шчырыя шкадаванні» навукоўцаў, Каралеўскі суд Ньюкаслу аштрафаваў універсітэт на £ 400 тыс.
У будучых эксперыментах універсітэт плануе адмовіцца ад кафеіну ў таблетках і перайсці на парашок.
ДД