Экспарту – менш, а нафта – даражэе. Песімістычны прагноз для беларускай эканомікі


Супраць леташняга росту на 3 % сёлета беларуская эканоміка не дацягне і да 2 % – піша Сусветны банк у новым эканамічным аглядзе.

Эканамічны рост Беларусі запаволіцца да ўзроўню ніжэйшага за 2 %. Неаптымістычны прагноз апублікаваў у сваім новым эканамічным аглядзе Сусветны банк. Прычыны запаволення крыюцца ў змяншэнні даходаў ад экспарту ды неэфектыўных дзяржаўных прадпрыемствах.

«Рэалізацыя нават такога сціплага прагнозу залежыць ад частковай – хаця б на ўзроўні паловы ад прагназаваных стратаў – кампенсацыі «падатковага манеўру Расеі» які прывядзе да […] росту цэнаў сыравіны для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў». Экспартная выручка зніжаецца таксама і з-за зніжэння паставак сельскагаспадарчых тавараў у Расею, якая вырашыла падтрымліваць айчынных вытворцаў харчавання.

Аб’ектыў
Што будзе з беларускай эканомікай, калі Крэмль не кампенсуе нафтавы манеўр?
2018.12.26 20:58

– Паказчык ніжэйшы за 2 % азначае, што мы расцем павольней за сусветную эканоміку, і тым больш павольней за большасць нашых суседзяў (магчыма, за выключэннем Расеі). Таксама гэта кажа пра тое, што нашае адставанне ва ўзроўні жыцця паміж намі і нашымі суседзямі (прынамсі з Поўначы і Захаду) будзе толькі нарастаць, – каментуе прагноз Сусветнага банку старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.

Па прагнозах Сусветнага банку, захады па лібералізацыі эканамічнай дзейнасці, а таксама рост экспарту ІТ-сектару павінныя павялічыць даходы ад замежнага гандлю. Аднак «неэфектыўнасць і запазычанасць дзяржаўных прадпрыемстваў працягваюць падрываць эканоміку. Дзяржаўныя прадпрыемствы перашкаджаюць выкарыстоўваць капітал больш эфектыўна», – падкрэсліваюць аналітыкі міжнароднай установы.

Аб’ектыў
Беларуская эканоміка запаволіць рост. Прычыны і прагноз
2019.05.10 22:18

Як тлумачыць эканаміст Вадзім Іосуб, «буйныя дзяржаўныя банкі вымушаныя крэдытаваць неэфектыўныя дзяржаўныя прадпрыемствы. Прычым фактычна на ўмовах, што гэтыя грошы ніколі ў банкі не вернуцца. Замест таго, каб крэдытаваць нейкія эфектыўныя праекты, якія б прынеслі і падаткі эканоміцы, і прыбыткі банкам, грошы спальваюць».

Паскорыць эканамічны рост эксперты Сусветнага Банку раяць праз развіццё лагістыкі, а самае галоўнае – праз рэструктурызацыю стратных прадпрыемстваў. Замест таго, каб падтрымліваць іх, Сусветны банк раіць перанакіраваць сродкі на сацыяльную абарону беспрацоўных ды найбяднейшых групаў насельніцтва.

Алесь Папко belsat.eu

Фота вокладкі: REUTERS/Vasily Fedosenko/Forum

Стужка навінаў